Шоу і спектакль. Чым адметная сёлетняя сітуацыя перад выбарамі?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?t=171&v=uaFyzshhqiI”][vc_column_text]Прэзідэнцкая кампанія 2015 моцна адрозніваецца ад папярэдніх выбараў і ніколі яшчэ не праходзіла настолькі спакойна. Улады выглядаюць упэўнена і абяцаюць у дзень выбараў сапраўднае свята. Невядома, ці атрымаецца, а вось шоу і выбарчы спектакль ужо маем.

Апошнія амаль 20 гадоў было цяжка ўявіць, што галоўныя дзяржаўныя тэлеканалы могуць асвятляць перадвыбарную кампанію апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Але няма нічога немагчымага.

Адказ на пытанне «Чаму менавіта Караткевіч?» ведае Лідзія Ярмошына: «Яна паводзіць сябе як цывілізаваны чалавек і ўлады яе цэняць за гэтыя якасці».

І сапраўды сёлетняя перадвыбарчая кампанія адбываецца ў адносна спакойнай атмасферы. Няма былой напружанасці: нас больш не пужаюць газавым пісталетам і мёртвым пацуком у водаправодзе, не паказваюць разгромных фільмаў пра апазіцыю і амерыканскія грошы.

Вось і старшыня ЦВК задаволеная такой малой колькасцю скаргаў і, пасміхаючыся, прызнаецца: «Гэта кампанія, мабыць, – чэмпіён камфорту, я маю на ўвазе, чэмпіён псіхалагічнага камфорту».

Вось і Аляксандр Лукашэнка дэманстраваў упэўненасць і загадаў правесці выбары максімальна дэмакратычна і мірна, а таксама папрасіў арганізаваць у дзень галасавання свята для народу.

«Трэба правесці ўсё вельмі душэўна», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Але не ўсе беларусы падзяляюць такі святочны настрой.

Рэжысёр Юрый Хашчавацкі кажа, што прычына такога спакою ўладаў – змена выбарчай стратэгіі: «Спачатку апазіцыйныя кандыдаты паміралі, як Карпенка, потым апазіцыйныя кандыдаты (Захаранка, Ганчар) знікалі, потым апазіцыйным кандыдатам наагул не давалі развярнуцца, ні сказаць нешта, не пускалі ў тэлевізар».

Рэжысёр дадае, што цяпер улады проста заблакавалі сапраўдных канкурэнтаў і не дазволілі ім удзельнічаць у кампаніі. Таццяну Караткевіч рэжысёр залічвае да кампаніі іншых спарынг-партнёраў дзейнага кіраўніка краіны.

«Гайдукевіч, атаман, – гэта цырк на дроце клоўнскі. Канешне, ніхто не пойдзе, то бок з разумных, з тых, якія сябе паважаюць, удзельнічаць у гэтым спектаклі ў выглядзе масоўкі», – заўважыў спадар Хашчавацкі.

На думку рэжысёра, выбары пераўтварыліся не ў свята, а ў спектакль. Усе ведаюць яго рэжысёраў.

ЯБ, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў