«Раней тут нават шашлыкі нельга было рабіць». Абарона Курапатаў. Відэатрансляцыя


Абаронцы Курапатаў запрасілі жыхароў дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі на сход, каб разам выпрацаваць стратэгію барацьбы супраць забудоўніка бізнес-цэнтру на ўскрайку ўрочышча Курапаты ў Менску.

«Людзі, давайце абаронім Курапаты! Давайце абаронім памяць! Калі не абаронім Курапаты, то мы самі тут паляжам», – заклікае кінадакумэнталістка і праваабаронца Вольга Нікалайчык, якая бярэ ўдзел у абароне ўрочышча.

«Раней тут нават шашлыкі нельга было рабіць… Адбыўся захоп тэрыторыі нашага дому», – мяркуе мясцовая жыхарка.

«Мы тут адпачывалі. Дрэвы спілавалі. Навошта?», – кажа мясцовы жыхар.

«Нас атачылі жулікі. Мясцовы дэпутат нам не дапамагае. Навошта нам такія дэпутаты? Тут жа можна было дзіцячую пляцоўку пабудаваць і паркінг», – дадае мясцовая жыхарка.

На месцы намётавага лагеру абаронцаў Курапатаў збіраюцца подпісы за забарону на ўзвядзенне бізнес-цэнтру.

Абаронцы Курапатаў упэўненыя, што будаўніцтва парушае заканадаўства.

Апазіцыйны палітык Павел Севярынец і кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч заклікалі мясцовых жыхароў пісаць індывідуальныя звароты ды скаргі, каб менскія ўлады спынілі будаўніцтва. Палітыкі таксама заклікалі падтрымаць актывістаў, якія бароняць Курапаты.

«Нам патрэбныя людзі і тады мы зможам замарозіць будаўніцтва», – кажа грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч, які разам з іншымі актывістамі спрабуе спыніць узвядзенне бізнес-цэнтру.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары