Шматпавярховікі – нашыя «першыя могілкі». Антыўтапічны арт-праект гарадзенскага фатографа


Фатограф-фрылансер Аляксандр Саенка сумесна з гарадзенскім «Цэнтрам гарадскога жыцця» прадстаўляюць выставу «Цішыня паверхаў». Аўтар праекту праводзіць паралель паміж шматпавярховікамі ды могілкамі.

Аўтар выставы распавядае, што яшчэ пры жыцці людзі знаходзяцца на бетонных могілках у вобразе шматпавярховікаў, дзе ў кожнага чалавека ёсць свая так званая «ячэйка» – гэта кватэра, яго квадратныя метры. Пасля смерці чалавек трапляе на могілкі, дзе атрымоўвае таксама свой квадратны метр, дзе застаецца ўжо навечна.

«У маім арт-праекце я падняў тэму смерці пры жыцці, і правёў аналогіі паміж людзьмі, якія замыкаюць сябе ў шматпавярховых кватэрах ды могілкамі. А здымаў кветкі, якімі людзі ўпрыгожваюць пад’езды, і гэта мая метафара, нібыта гэта магільныя кветкі, якімі людзі ўпрыгожваюць свае «шматпавярховыя могілкі»» – зазначае фатограф.

Раскрыць тэму смерці без выяваў могілак, крыжоў ды крумкачоў

Фатографа даўно цікавяць падобныя тэмы, але яму хацелася паказаць тэму смерці незвычайна, праз метафары. Менавіта таму ў выставе пра смерць няма ніводнага знаку смерці: «Фотажурналістыкай я займаюся ўжо 10 гадоў, і я хацеў паказаць тэму смерці без зʼяўлення на фота могілак, крыжоў, крумкачоў і іншых клішэ».

Усяго прадстаўлена 20 фотакарцін. Вернісаж выставы адбыўся 3 красавіка і кожны жадаючы можа наведаць выставу да 18 красавіка. Такі час выбраны невыпадкова, акурат зараз перадвелікодныя дні, а менавіта такі час, калі нашыя продкі задумваліся пра смерць.

Наведаць выставу можна па вуліцы Савецкая, дом 3.

Пра аўтара
Аляксандр Саенка нарадзіўся 27 ліпеня 1986 года ў Горадні. У журналістыцы з лістапада 2006 года. З 2007 па 2011 год працаваў у рэгіянальнай газеце «Вячэрні Гродна». Зараз – фатограф-фрылансер. Удзельнік выставаў у Горадні, Менску, Маскве, Страсбургу, Вільне, Каўнасе, Кіеве, Берліне. Пераможца і прызёр у «Прэс-фота Беларусі», фотаконкурсу Фонду EVZ (Берлін), CIWEMʼs Environmental Photographer of the Year, Прэмія «Фонд развіцця фотажурналістыкі», Kaunas Photo STAR. Удзельнік Міжнароднага партфоліа рэвю ў Маскве, кніжнага праекту BY NOW.

МД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары