Шматдзетным бацькам у Дзярэчыне вярнулі права выхоўваць дзяцей


Алёна Косцікава, маці 4-х дзяцей у Дзярэчыне. Васіль Малчанаў/ Белсат

Пасля тыднёвага змагання бацькоў і грамадскіх актывістаў камісія па справах непаўнагадовых вынесла рашэнне пакінуць дзяцей у сям’і Косцікавых.

Бацькі чатырох дзяцей у вёсцы Дзярэчын урэшце ўздыхнулі з палёгкай: 1 жніўня суд ануляваў 10 пратаколаў на бацькоў выпісаных, калі сацыяльныя працаўнікі разам з міліцыяй спрабавалі адабраць дзяцей у Косцікавых. 2 жніўня адбылося апошняе паседжанне камісіі па справах непаўнагадовых, падчас якога было вынесена рашэнне пакінуць дзяцей бацькам.

Слонімскі сябра прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Міхась Сошка лічыць судовы прысуд і рашэнне камісіі поўнай перамогай над мясцовым бязладдзем.

«На паседжанне і суд нас канешне не пусцілі, аднак мы лічым, што перамаглі ў гэтай справе. Цяпер мы падалі запрос на выданне пісьмовага рашэння, каб яшчэ раз паглядзець, чым яны абумовяць тое, што хацелі забраць дзяцей», – кажа Міхась Сошка.

23 чэрвеня мясцовай камісіяй па справах непаўнагадовых было вынесена рашэнне, перавесці дзяцей Алёны і Дзмітрыя Косцікавых на дзяржзабеспячэнне. Бацькоў абвінавачвалі ў тым, што яны спажываюць алкаголь і не сочаць за дзецьмі і парадкам у доме. Пры гэтым маці пазбавілі фінансавай дапамогі на малодшую дачку, а бацькавы заробак быў пераведзены на прытулак, чым фактычна пакінулі сям’ю без матэрыяльных сродкаў. Цяпер жанчыне вярнулі дэкрэтную фінансавую дапамогу.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары