Шматдзетную сям’ю ў Дзярэчыне пазбавілі сродкаў на існаванне і хочуць адабраць дзяцей


Мясцовыя ўлады ў Дзярэчыне адбіраюць дзяцей у сям’і Косцікавых, аднак за бацькоў заступаюцца слонімскія грамадскія актывісты.

З-за дзвярэй двухпавярховага цаглянага дому высунулася светлая галоўка. А за ёй яшчэ тры. Усе разам кінуліся паглядзець, хто прыехаў і што прывёз. Прыехалі грамадскія актывісты са Слоніма і прывезлі «гуманітарную дапамогу». Крыху рэчаў для чацвярых дзяцей Косцікавых, што ахвяравалі людзі пасля артыкулу ў мясцовай газеце.

23 чэрвеня мясцовая камісія па справах няпоўнагадовых вынесла рашэнне перавесці дзяцей Алёны і Дзмітрыя Косцікавых на дзяржзабеспячэнне. Бацькоў абвінавачваюць у тым, што яны спажываюць алкаголь і не сочаць за дзецьмі і парадкам у доме, аднак сама маці адмаўляе сваю віну і лічыць, што справа далёка не ў іх.

Забраць дзяцей, каб не выплачваць дапамогу?

Алёна Косцікава, маці 4-х дзяцей у Дзярэчыне. Васіль Малчанаў/Белсат

«У міліцыі і камісіі той, няма ніякіх доказаў таго, што мы нібыта «спажываем». У мяне было адзінае затрыманне год таму, калі мы з маці ішлі з гасцей. Мы пасля заробку паехалі ў Зэльву дзецям да школы купіць тое-сёе, харчоў і г.д. Нас запрасіла маміна сяброўка на дзень народзінаў, мы выпілі па кілішку віна. Пасля, калі на прыпынку стаялі, да нас пад’ехала міліцыя з патрабаваннем праехаць разам з імі. Каб мы там лаяліся ці крычалі, ці што? У выніку паставілі на ўлік і мяне, і сямʼю. Пачалі да нас чапляцца ўвесь час. Мы з мужам нават закадзіраваліся, каб адчапіліся, але сям’ю з уліку не знялі», – распавядае Алёна.

Муж Алёны, Дзмітрый зранку да вечара працуе ў калгасе жывёлаводам, сама Алёна да дэкрэтнага адпачынку працавала даяркай. Па яе словах, муж да гэтай пары на ўліку нідзе не стаяў. Некаторы час таму міліцыя прыехала да яго на працу, і цвярозага мужчыну сілком павезлі ва ўчастак і паставілі на ўлік. З 23 чэрвеня маці перасталі выплочваць матэрыяльную дапамогу на дзяцей, а мужу заробак, хоць дзеці яшчэ застаюцца пры бацьках.

Старэйшыя сыны Алены. Васіль Малчанаў/Белсат

«Мяне абвінавачваюць у тым, што я не аддала дачку ў садок і не выйшла на працу. Хоць ёй толькі 2 годзікі і я маю поўнае права за ёй глядзець. Калі яе аддам у садок, мне перастануць выплачваць дапамогу 390 рублёў. Хоць і так ужо перасталі. Пакінулі нас увогуле без сродкаў. Як мы можам палепшыць нашыя ўмовы жыцця, калі нас проста пакінулі без грошай?» – тлумачыць Алёна.

Голыя сцены са спаленым хлявом

Алёна Косцікава, маці 4-х дзяцей. Дзярэчын 27 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/Белсат

Што да жыллёвых умоў, сям’я туліцца ў доме, які выдаў ім сельсавет. Да гэтай пары маладыя з дзецьмі жылі ў двухпакаёвым доме. Калі Алёна чарговы раз нарадзіла, у радзільні сказалі, што не аддадуць дачку з прычыны недастатковай колькасці месца для жыцця. Тады пасля скаргі ў сельсавет сям’і Косцікавых выдалі дом з голымі сценамі і спаленым хлявом.

Дом сям’і Косцікавых па вуліцы Булака ў Дзярэчыне.  Васіль Малчанаў/Белсат

«Я звярталася за дапамогай, каб нам зрабілі, адрамантавалі, каб хоць якуюсьці жывёлу трымаць, але нам нічога не зрабілі. Каб якую дапамогу нам яны прадставілі… Райвыканкам, сельсавет – дапамогі ніякай не было. Мы самі ўсё рабілі. Старшыня калгасу новы, увайшоў у нашае становішча і памяняў нам ужо вокны і ўзімку дапамагае дровамі. Аднак акрамя гэтага ніхто і нічога. Заля стаяла без рамонту цэлы год, то муж узяў крэдыт ды хоць неяк зрабілі», – кажа Алёна.

Слонімскія актывісты: Гэта пытанне грошаў

Слонімскія актывісты прывезлі гуманітарную дапамогу. Дзярэчын 27 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/Белсат

На дапамогу сям’і Косцікавых адгукнуліся слонімскія грамадскія актывісты, якія днямі дзяжураць у Дзярэчыне, каб дзяцей не забралі. Пры гэтым, яны сцвярджаюць, што выпадкаў, калі бяспраўна забіраюць дзяцей у бацькоў у Зэльвенскім раёне шмат.

Старэйшы сын Алены. Дзярэчын 27 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/Белсат

«Гэта звычайная шматдзетная вясковая сям’я. Я лічу, што на дадзены момант забіраць дзяцей у гэтай сям’і няма ніякіх падставаў. І калі мы сталі дапамагаць ім, да нас сталі звяртацца іншыя людзі з іншых населеных пунктаў, таксама з Зэльвенскага раёну з такімі жа праблемамі. І мы зразумелі, што ідзе маштабная хваля, каб забіраць дзяцей. І ўвогуле ідзе ўсё ад Дэкрэту № 18. І нам неабходна будзе звярнуцца да Лукашэнкі, каб ён унёс змены і дапаўненні ў гэты дэкрэт. І калі мы зараз глядзім на сям’ю Косцікавых, то тут пытанне выключна ў грашах. Калі ў іх забраць дзяцей, яны фактычна не будуць атрымліваць заробак – там вельмі вялікая сума ідзе на дзіцячыя сацпрытулкі. І іх проста загоняць у даўгавую яму. І як яны могуць нешта зрабіць, калі грошай не будзе зусім?» – кажа грамадскі актывіст Віктар Марчык.

Разам з Віктарам Марчыкам прыехаў прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу радыёпрамысловасці Міхаіл Сошка.

«Калі да нас звярнуліся па дапамогу, мы адразу распыталі людзей, суседзяў, працаўнікоў у краме. Мы пераканаліся, што сям’я абсалютна здаровая. Нармальная, якіх у Беларусі большасць. Гэты дэкрэт з 2006-га года ён быў у такім паўзамарожаным стане, а зараз выходзіць што трэба эканоміць бюджэтныя сродкі. А менавіта на выплату дзіцячай дапамогі, гэта вельмі вялікія грошы. У чальца нашага прафсаюзу з Пінску таксама забралі дзяцей. Яны былі разведзеныя з жонкай. Маўляў, няпоўная сям’я. Пачалі судзіцца. Зараз яны знаходзяцца ў стане вяртання, але ўсё роўна, за гэты некалькі месяцаў 500 рублёў ім ужо не выплацілі, пайшло ў кішэню дзяржавы. Гэтая хваля пачалася летась і найперш ударыла па няпоўных і шматдзетных сем’ях, найбольш сацыяльна ўразлівых», – тлумачыць Міхаіл Сошка.

Дзярэчын 27 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/Белсат

Апошні раз забіраць дзяцей прыязджалі сацпрацаўнікі з міліцыяй некалькі дзён таму а 5 раніцы. Маці не пусціла іх у хату. За што міліцыянты склалі 10 пратаколаў на жанчыну. 1 жніўня мае адбыцца першае судовае паседжанне па справе Косцікавых – сямʼя абскарджвае рашэнне, паводле якога сацыяльныя службы хочуць забраць дзяцей.

Прадстаўнік Слонімскага грамадскага аб’яднання Віктар Марчык заклікае ўсіх неабыякавых дапамагчы Косцікавым. Па гэтай справе можна тэлефанаваць непасрэдна яму на нумар +375296153221

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў