Шлях да вышыванкі: дзе, як і за колькі?


Дзе шукаць майстроў, якія зробяць унікальную вышываную сарочку толькі для вас? І колькі будзе каштаваць узорыстая кашуля на замову? Belsat.eu паразмаўляў з майстрыхай, сябрам Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Юліяй Літвінавай.

Спадарыня Юлія, адкуль у вас абудзілася цікавасць да традыцыйнай культуры? Як так сталася, што вы пачалі рабіць вышываныя сарочкі?

Цікавасць да традыцыйнай культуры абудзіла ў мяне сям’я. Яна ўклала ў мяне тое зярнятка. Маці навучыла мяне вышываць, плесці карункі. Пазней я захапілася традыцыйнымі спевамі і рамёствамі, дужа хацела навучыцца як мага больш рабіць рукамі – прасці, ткаць і г.д.

У пэўны момант жыцця мне вельмі важна было адчуць яднанне з родам, повязь з мінулымі пакаленнямі. Яшчэ дзяўчынаю я пачала рыхтаваць сабе вясельную кашулю. Вышывала яе доўга – недзе гадоў пяць. Прыспешыць працу мне давялося тады, калі з’явіўся жаніх і было прызначана вяселле. Сарочку на шлюб я вышыла і свайму абранніку. Для сваёй вясельнай кашулі я выбрала ўзор з Калінкавіцкага раёна, адкуль мае дзяды па матчынай лініі. Калі я паказала ўжо зробленую рэч маме, то яна сказала, што такая сарочка была ў маёй прабабулі. Я так усцешылася тады і падумала, што гэта генетычная памяць спрацавала. Шлюбная сарочка была першым вырабам, які я сама вышыла і пашыла. Праз некаторы час у мяне з’явілася і першая замова – яе зрабіў хлопец-беларус з Масквы. Ён збіраўся ехаць на З’езд беларусаў свету ды хацеў там з’явіцца ў традыцыйным строі.

Што мае перш-наперш зрабіць чалавек, які хоча замовіць вышыванку?

Я раю перадусім вызначыцца: ці прывязвацца да пэўнага рэгіёну, ці рабіць кашулю на ўласны густ. Калі замоўца хоча мець традыцыйную вышыванку з мясцовасці, адкуль паходзяць ягоныя дзяды, бацька ці маці, то трэба пашукаць інфармацыю ў адпаведнай літаратуры ці наведацца ў музей, каб пабачыць, як выглядалі строі ў гэтых мясцінах, што для іх было характэрнага. Рэгіянальныя асаблівасці яскрава падкрэсліваюць жаночыя строі, якія найбольш захавалі традыцыю ў параўнанні з мужчынскім адзеннем. Можна распытаць старэйшых сваякоў, як апраналіся даўней. Можна звярнуцца ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, дзе ёсць шмат матэрыялу, сабранага ў экспедыцыях. Можна і не прывязвацца да нейкага рэгіёну, а падабраць арнамент, які падабаецца. Можна таксама зрабіць кашулю больш сучаснай, адышоўшы ад традыцыйнага крою.

 

Зрабіць нешта накшталт вышымайкі?

Нельга блытаць вышымайку і сарочку – у іх розны зыходны матэрыял, розныя мэты, іх апранаюць у розныя месцы. Да вышымайкі стаўлюся нейтральна – гэта з’ява, якая мае сваё месца. Усё залежыць ад чалавека. Ён можа надзець вышымайку, зацікавіцца арнаментамі і пакрысе адкрыць для сябе, чым ёсць сарочка, традыцыйнае адзенне, беларуская культура. А можна надзець вышымайку ў клуб ці на фітнэс і больш нічым не зацікавіцца. Калі гаворка ідзе пра каляндарныя абрадавыя святы, то пажадана, каб людзі ўсё ж прыходзілі ў традыцыйных строях, а не вышымайках, бо абрад патрабуе адпаведнага адзення.

Людзі, якія робяць рэчы кшталту вышымаек, мусяць рабіць гэта з густам, і перадусім звярнуцца да першакрыніцаў. Варта ўсё ж паглядзець, якія былі ўзоры, якія месцы вышываліся ў мужчынскім і жаночым адзенні. Калі даўней вышывалі сарочку, то бралася пад увагу і агульная кампазіцыя, якая б спалучалася з іншымі элементамі строю.

Ці вышыванка – гэта нацыяналізм, як намагаюцца давесці некаторыя?

Вышываная сарочка на чалавеку – гэта праява павагі да сваёй культуры, далучанасці да яе. Мае дзяды насілі вышыванку ў царкву, на вяселлі. І што – яны былі нацыяналісты? Ды яны нават слова такога, хутчэй за ўсё, не ведалі. Чалавек у святыні ці на свяце сваёй вопраткай паказваў, што прыйшоў на незвычайную падзею, надаваў вялікае значэнне гэтаму моманту і гэтаму месцу. Вышыванку не будзеш насіць кожны дзень – яна для пэўных выключных момантаў, для свята, калі ты з побытавай прасторы пераходзіш ва ўрачыстую ці сакральную. У гэтым рэчышчы вышымайка з’яўляецца звычайнай вопраткай, для адпачынку, але ніяк не святочнай.

Калі чалавек вызначыўся, якую сарочку хоча, дзе яму варта шукаць майстроў?

Можна звярнуцца ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, дзе ёсць шмат добрых майстрых. Можна пайсці ва ўнітарнае прадпрыемства «Скарбніца», дзе таксама робяць сарочкі на замову. Выбіраецца крой, ніткі, здымаюцца меркі, і пасля ўжо непасрэдна пачынаецца вышыўка. Тканіну можна набыць у спецыялізаваных крамах ці аддзелах ГУМу, ЦУМу. Найбольш папулярная крама ў Менску – «Лянок». Калі нехта хоча сарочку з даматканага палатна, як было ў яго дзеда, то робім і з даматканага.

Колькі трывае выраб сарочкі і колькі ў сярэднім гэта каштуе?

Сарочка робіцца ад 2 тыдняў да 2 месяцаў. Яе кошт будзе залежыць ад колькасці вышыўкі. У сярэднім мужчынская кашуля каштуе блізу $ 200-250, жаночая сарочка можа каштаваць даражэй – $ 250-300, бо там больш вышыўкі. Вышыванка – рэч не танная, бо патрабуе шмат ручной працы.

Што важна пры вырабе сарочкі?

Для мяне вельмі важна пабачыць чалавека, якому раблю рэч. Усляпую сарочку рабіць надта складана. Калі так здараецца, то я прашу, каб хоць выслалі фотаздымак. Кожная сарочка – гэта ўнікальная непаўторная рэч для канкрэтнага чалавека. Нават калі майстрыха будзе рабіць нешта падобнае, два разы абсалютна ідэнтычна ў яе не выйдзе. Пажадана напрыканцы зрабіць прымерку, каб вызначыцца з даўжынёй, паглядзець, як сеў каўнер.

Майстрыха перадае сарочцы сваю энергію, нібы выпісвае рэч. Калі мяне нешта гняце, я адкладаю работу, каб вярнуцца да яе ў добрым настроі, каб не было хібаў, каб нічога коса не пайшло.

Ці можна падабраць арнамент, які азначаў бы нешта канкрэтнае – моц, багацце, энергію?

У традыцыйных вышываных рэчах ёсць найперш рытм, кампазіцыя. Вышыванка – гэта вышытая песня, з якой нельга проста ўзяць і вырваць словы ці куплеты. Колішнія людзі думалі вобразна, а мы цяпер патрабуем канкрэтнага панятку, што абазначае той ці іншы знак. Арнамент – гэта тэкст, які мы сёння, на жаль, не можам прачытаць, нам застаецца толькі здагадвацца пра яго сэнс. Выглядае вельмі спрошчана, калі бяруць пэўны арнамент і кажуць, што ён абазначае сілу ці моц. Гэта, як ежа, якую разжавалі і паклалі ў рот. Ты з’еў, праглынуў, але смаку не адчуў.

Ці да месца вышываная сарочка ў горадзе? Ці не будзе яна выглядаць на гарадскіх вуліцах як чужаніца?

Вышыванка можа існаваць у гарадскім асяроддзі на свяце ці на фэсце, як гэта было і раней, бо вышыванкі – гэта ж найперш святочная або абрадавая адзежа. Ёсць досвед Нямеччыны, Швецыі, Нарвегіі, дзе традыцыйныя строі вельмі арганічна выглядаюць і на гарадскіх імпрэзах. Чаму на нейкае свята мы не можам апрануцца ў вышыванкі і прайсціся па горадзе ўсёй сям’ёй? Вяселле – таксама варыянт, дзе вельмі дарэчна выглядаюць традыцыйныя строі. У густоўнай вопратцы тонкай работы, якую майстрыха рабіла ні дзень і ні два, кожны будзе выглядаць добра.

 

Ці можна казаць, што цяпер ёсць бум на вышыванкі?

Я займаюся вырабам традыцыйнага адзення на замову з 2009 года і не магу наракаць на слабы попыт. Цікавасць да вышыванак крыху павысілася, калі ва Украіне прайшлі прэзідэнцкія выбары. Нашыя людзі пабачылі, як украінцы галасавалі ў вышыванках, як прыгожа яны выглядалі. Адгалосак гэтага – больш частыя замовы ад людзей, далёкіх ад этнаграфіі, звычайных працаўнікоў з заводаў. Попыт на вышываную сарочку быў заўсёды, думаю, ён будзе і надалей.

 

Хто перадусім замаўляе сарочкі? Ці гэта толькі маладыя людзі? І навошта ім патрэбныя вышыванкі?

Найчасцей людзі замаўляюць сарочкі на вяселле. Часам гэта маладыя, а часам дружкі ці госці, запрошаныя на традыцыйнае вяселле. Замаўляюць на святкаванне Купалля, Калядаў. Нехта проста хоча мець у сваім гардэробе святочную сарочку. Часам кажуць: «Хачу сарочку, як у дзеда ці бабулі, каб памяць пра яго ці пра яе засталася». Замаўляюць дзіцячыя вышываныя кашулькі на хрэсьбіны. Быў выпадак, што стары чалавек прасіў вышыць кашулю на смерць. Ёсць і такія людзі, якія хочуць мець сучасную стылізаваную кашулю, у якой можна было б пайсці і на дзелавое спатканне.

Ці сярод замоўнікаў большасць – гэта беларускамоўныя?

Пакуль трэба сказаць, што сярод замоўнікаў пераважаюць беларускамоўныя, але гэта не заканамернасць. Ёсць шмат людзей, якія па жыцці расейскамоўныя, але хацелі б навучыцца гаварыць на мове продкаў. Беларуская мова – гэта знак цягі, прыкмета, што чалавек шукае свае карані.

Размаўляў Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары