Школьнік прыйшоў з Пагоняй на матч Колі Лукашэнкі – і распавядае, што было далей


Наш чытач наведаў матч з удзелам сына кіраўніка Беларусі з Пагоняй на саколцы, шапцы і налепцы на тэлефоне. І апісаў свой досвед у лісце да рэдакцыі.

Справа была на пачатку студзеня, з класа папрасілі чалавек дзесяць на хакей, прыйшлося ісці. Хто гуляў я не ведаў. Перад уваходам я ледзь расшпіліў кофту і куртку. Калі ахоўнік праводзіў дагляд, ён спытаў што на майцы, і пачаў цікавіцца, ці не з БНФ я. Адвёў да трох мужыкоў, хутчэй за ўсё супрацоўнікаў МУС у цывільным, тыя запыталіся, што намалявана на цішотцы, пачалі пытацца, ці на тую імпрэзу я прыйшоў, а пасля сказалі, што «калі кофту расшпіліш, цябе нават баця не ўратуе».

Карацей, пайшоў я на трыбуну, заняў месца і чакаў пачатку матчу. У маім шэрагу сядзеў адзін міліцыянт, і яшчэ некалькі стаялі ззаду, перыядычна правяраючы, ці не зняў я майку. Потым, калі я даведаўся, хто гуляе ў камандзе «Грыфоны», я зразумеў, чаму мне надалі такую ўвагу. Але яшчэ больш я здзівіўся, калі на лёд выйшла каманда «Нафтаград» з Віцебскай вобласці з той жа Пагоняй спераду.

Па трыбунах хадзілі «камандзіры», паказвалі, за каго заўзець. Карацей, лік 12: 3 на карысць «Грыфонаў». Захацелася падзяліцца гэтай гісторыяй.

V…1@gmail.com

  • Матч паміж «Грыфонамі» і «Нафтаградам» адбыўся 4 студзеня на арэне «Чыжоўка» у межах спаборніцтваў «Залатая шайба» сярод хлопцаў 2003–2004 года нараджэння. У складзе «Грыфонаў» гуляе сын кіраўніка Беларусі.
Стужка навінаў