Шкаляры са стрэльбаю


Belsat.eu шукае адказ на пытанне: чаму вучні забіваюць сваіх настаўнікаў?

Калектыўная агрэсія школьных прыматаў

«Даведку ад доктара мне на стол». Настаўніца расейскай мовы заўсёды казала гэтыя словы сталёвым голасам. Закасцянелыя мускулы на ейным твары нагадвалі рысы каменных балванаў Жана-Батыста. Увесь клас думаў, што яна іншапланетніца, магістарка ордэну «Ку-клукс-клану» ці сястра Данкана Маклаўда. Яе баяліся, ненавідзелі ды часамі хацелі забіць. Тады калектыўная агрэсія школьных прыматаў так і не стала рэчаіснасцю.

Паклаў пісталет на стол і ўзяўся за галаву

Затое ў іншых рука не здрыганулася. 27 кастрычніка 15-гадовы падлетак прыйшоў у школу з пісталетам бацькі ды некалькімі стрэламі забіў Энэ Сарап (Ene Sarap), 56-гадовую настаўніцу па нямецкай мове. «Было гэтак: у сярэдзіне заняткаў вучань выхапіў пісталет і пачаў страляць у настаўніцу. Пасля стрэлаў ён паклаў пісталет на стол і схапіўся за галаву», – распавядае эстонскаму выданню postimees.ee паліцыянт з невялічкага эстонскага мястэчка Вільяндзі, дзе адбылася трагедыя.

«Don’t judge me cause I’m quiet. No one plans a murder out loud» («Не судзіце мяне за тое, што я ціхі. Ніхто не крычыць, калі плануе забойства»), – напісаў хлопец у сваім «Facebook’у» за некалькі месяцаў да забойства.

Такіх гісторыяў можна назбіраць на сцэнар цэлага серыялу. І адбываецца ўсё гэта не толькі ў ЗША, дзе трэцяя папраўка Канстытуцыі гарантуе права на валоданне агнявой зброяй кожнаму грамадзяніну. Сёлета ў Маскве выдатнік забіў настаўніка геаграфіі за двойку. «Спачатку ён стрэліў ёй у жывот, пасля спытаўся, ці жывая, і тады стрэліў яшчэ раз. У галаву», – згадвае аднакласніца 15-гадовага Сяргея Гардзеева, які прыйшоў у школу з бацькаваю стрэльбаю.

Статкавы рэфлекс, які легітымізуе здзекі з боку аднакласнікаў ахвяры

Прыватны псіхолаг Нэлі Купрыяновіч тлумачыць дзіцячую агрэсію адсутнасцю г. зв. базавага даверу да свету, калі падлетак застаецца сам-насам са сваімі праблемамі, не дзеліцца імі з бацькамі, што прыводзіць да назапашвання адчаю, які ў сваю чаргу перарастае ў агрэсію. «Хутчэй за ўсё, патэнцыйны падлетак-забойца ўспрымае свет як апірышча зла, а сябе лічыць месіяй і хоча ўсіх уратаваць», – кажа псіхолаг. Нярэдка апошняю кропляй у такой сітуацыі можа стаць некампетэнтны настаўнік, які робіць з вучня ізгоя.

«Публічна прыніжаючы, кажучы, што ты, маўляў, Пятроў ідыёт, настаўнік актывуе статкавы рэфлекс, які легітымізуе здзекі з боку аднакласнікаў ахвяры», – разважае Нэлі Купрыяновіч.

Псіхолаг з тэлефоннай службы даверу: «Вазьмі паперку і рві яе на кавалкі. Я сама гэтак раблю»

Што рабіць, калі зрывае дах і хочацца схапіцца за тупы прадмет ці дзедаву стрэльбу, каб паставіць кропку на сваіх адносінах са школьным сатрапам? Можна, вядома, паразмаўляць з бацькамі, сябрамі, з самім настаўнікам нарэшце. А што, калі патрэбная ананімнасць? Трэба тэлефанаваць у службу псіхалагічнай дапамогі ды спадзявацца на тое, што вам скажуць нешта добрае, светлае, незвычайна важнае, а галоўнае – дадуць параду, вартую ўвагі. Але гэтак бывае не заўсёды.

Даша Румянцава паводле метаду Станіслаўскага ўвайшла ў ролю дзевяцікласніцы, якая хоча забіць сваю настаўніцу і паразмаўляла з псіхолагам з тэлефоннай службы даверу. Вось што з гэтага атрымалася. 

Памятайце, што невуцтва – цемра. А школа – пекла, якое раней ці пазней скончыцца.

Юрась Высоцкі, Даша Румянцава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары