Шэсце да Лошыцкага яру сабрала некалькі дзясяткаў чалавек


Акцыя памяці растраляных падчас сталінскіх рэпрэсіяў прайшла ў Менску.

Менскі гарадскі выканаўчы камітэт дазволіў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правесці 6 лістапада шэсце да Лошыцкага яра, але надвор’е гэтым разам не надта спрыяла акцыі: ад ранку ішоў мокры снег. Гэтым, магчыма, і тлумачыцца нешматлікасць удзельнікаў шэсця – паміж сабой міліцыянты па рацыях называлі колькасць у 25 чалавек. Звонку масоўку стваралі самі сілавікі ў цывільным, якія рухаліся побач ды ў складзе калоны.

Акцыю традыцыйна зладзіў КХП БНФ, таму акрамя бел-чырвона-белых сцягоў над калонай лунала партыйная сімоліка ды расцяжкі. Сярэдні ўзрост удзельніка шэсця сёлета – блізка 50 гадоў, моладзі амаль не было. Дэманстранты некалькі разоў па ходу маршрута зацягвалі сумныя песні ды крычалі «Жыве Беларусь!».

Фінальным пунктам шэсця, якое пачалося ля ДК «Лошыцкі», стаў сам Лошыцкі яр – месца масавых сталінскіх растрэлаў у 1930-я. Удзельнікі ўсклалі кветкі ды запалілі знічкі ля самотнага драўлянага крыжа, які сведчыць тут аб памяці загінулых.

Лошыцкі яр як месца растрэлаў куды менш вядомы за Курапаты, бо наўпрост не паспеў быць раскапаны і вывучаны ў 1980-я. Па сведчаннях таго ж Пазняка, напрыканцы 80-х урочышча перадалі ва ўладанне гарадскім уладам, якія разгарнулі тут маштабныя земляныя ды будаўнічыя працы, каб схаваць сляды злачынстваў.

 АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары