Шэнген можа спыніць сваё дзеянне


Неўзабаве на гэты пункт пропуску вернуцца памежнікі

Бо не дае рады з уцекачамі. Нідэрландскі міністр міграцыі Кляас Дэйкгоф заявіў, што краіны Еўразвязу папрасілі Еўракамісію вярнуць памежны кантроль унутры краінаў Шэнгену.

Краіны-удзельніцы Шэнгенскай дамовы не даюць рады з уцекачамі. Спрабуючы кантраляваць міграцыйныя плыні, некаторыя краіны летась ужо ўвялі кантроль на сваіх межах, спыняючы такім чынам дзеянне Шэнгенскай дамовы самастойна.

Кляас Дэйкгоф хоча зачыніць Еўропу перад уцекачамі з Блізкага Усходу

На прэс-канферэнцыі пасля панядзелкавай сустрэчы еўрапейскіх міністраў у Амстэрдаме Кляас Дэйкгоф прызнаўся, што праблема мігрантаў перарасла здольнасці краінаў, якія іх прымаюць:

«Часовыя захады па вяртанні межаў дазваляюць уводзіць памежны кантроль на тэрмін да шэсці месяцаў, але беспрэцэдэнтны наплыў уцекачоў, які прымусіў гэтыя краіны аднавіць кантроль, усцяж не змяншаецца».

«Такім чынам сябры Шэнгенскай дамовы просяць Еўрапейскую камісію падрыхтаваць прававую і практычную базу для вяртання часовых межаў на тэрмін да двух гадоў згодна з артыкулам 26 Шэнгенскага кодэксу», – заявіў нідэрландскі чыноўнік.

Шэнгенская дамова дазваляе перасоўвацца без пашпартоў і візаў у межах краінаў-удзельніцаў, На сёння ў Шэнген уваходзяць 26 краінаў, большасць з якіх – краіны Еўразвязу.

ДД, belsat.eu; фота: Йозэф Шульц/Jozef Schulz; alchetron.com

Глядзі таксама
Каментары