«Шавіністычная мярзота». Зміцер Дашкевіч заклікае падтрымаць беларускамоўнага кіроўцу аўтобуса


Сёлета 57-гадовага кіроўцу аштрафавалі за бел-чырвона-белую стужку на лабавым шкле аўтобуса. Скаргу на Віктара Беразоўскага напісаў былы сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Арцём Агафонаў.

Агафонаў заклікае «аднадумцаў» браць з яго прыклад і прыцягнуць іншых «экстрэмістаў» (актывістаў «Маладога фронту» – belsat.eu) да адказнасці.

«Кіроўцу выпісалі штраф, а аўтобус давядзецца перафарбаваць. Разам з тым, лічу гэты вынік недастатковым. Бо кіроўцы, якія сталіся ахвярамі «паляўнічых на сцяжкі» часта гублялі працу і сродкі да існавання, а іхная віна была толькі ў наяўнасці сімволікі, якая не сімпатычная нацыяналістам. «Трансфілд» жа перавозіў экстрэмістаў. Таму было адпраўлена яшчэ два лісты, пра змест якіх паведамлю пасля атрымання адказаў. Спадзяюся, гэты прэцэдэнт паслужыць стымулам для спынення «палявання на сцяжкі». Закон адзіны для ўсіх, давайце выкарыстоўваць яго для агульнага дабра, а не для барацьбы з іншадумствам», – напісаў у «Facebookʼу» Агафонаў.

Фірма «Трансфілд» удзельнічала ў перавозцы актывістаў «Маладога фронту» у Слуцк на мітынг прымеркаваны да ўгодкаў Слуцкага паўстання.

Зміцер Дашкевіч (адзін з лідараў «Маладога фронту») заклікаў падтрымаць беларускамоўнага кіроўцу.

«Шавіністычная мярзота працягвае страчыць даносы на перавозчыка Віктара Бразоўскага, аўтобус якога вазіў патрыётаў на святкаванне Слуцкага збройнага чыну. Пераслед звязаны не толькі з выплатай дробных штрафаў, але перадусім выбівае з працоўнага графіку. Бацька пяці дзяцей Віктар Бразоўскі вымушаны не працаю займацца, а катацца суткамі па падатковых, транспартнай інспекцыі і ДАІ. Прапаную патрыётам згуртавацца і рублём падтрымаць патрыятычную дзейнасць спадара Віктара», – напісаў Дашкевіч у сваім «Facebookʼу».

[/vc_column_text][vc_column_text][/vc_column_text][vc_column_text]ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў