«Шашок» замест кацяняці. Чаму беларусы ўсё часцей заводзяць сабе тхорыкаў?


«У гасцях у тхораў» – Belsat.eu завітаў на выставу тхорыкаў у Горадни і падпаў пад абаяльнасць гэтых маленькіх драпежнікаў.

Не раз нашыя бабулі і дзядулі на вёсках цярпелі ад шкоднікаў-шашкоў, якія або куранят усіх падушаць, або гусянят. Аднак гэтая маленькая жывёлка, якая называецца тхор, усё часцей становіцца гадаванцам у кватэрах беларусаў. І не дзіўна, міленькая мардашка, прыродная хітрасць, розум, гуллівасць і вынаходлівасць тхорыкаў прывабліваюць гаспадароў, якія пасля аднаго, заводзяць сабе яшчэ некалькіх.

Тхор – прыемнасць не танная

Як распавядае адна з гаспадыняў тхорыкаў, Ганна Піскун, свайго першага гадаванца яна ўзяла з Менскага заапарку і зрузумела, што гэта яе жывёла. Хоць утрыманне такога маленькага драпежніка абыходзіцца не танна.

«Трымаць дастаткова дорага таму, што кармы дарагія. Падыходзіць кашачы корм прэміум класа. Наш корм, паўтары кілаграма пакунак, каштуе каля 50 рублёў. Хлопчыку паўтары кілаграма нам хапала на месяц, дзевачцы на даўжэй, яны менш ядуць. Плюс кожны год прышчэпкі трэба, як сабакам. Абавязковая кастрацыя, стэрылізацыя. Тхора можна прывучыць да латка, але наш ходзіць на пялёнкі. Па характары тхорыкі вельмі ласкавыя, смешныя. Наш дзяўчат вельмі любіць, вочкі строіць»., – распавядае спадарыня Ганна.

Яшчэ адзін гаспадар тхора Ігар, свайго гадаванца корміць сырым і вараным мясам. 140 грам на дзень. «Сырое – не пажадана, таму што можа ўзнікнуць агрэсія. Але я свайго кармлю і агрэсіі няма», – кажа Ігар.

Дарэчы, у якасці хатняй жывёлы тхораў пачалі разводзіць яшчэ ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе. Іх выкарыстоўвалі, каб бараніць зерне ад пацукоў, а таксама падчас паляванняў на трусаў. Менавіта тхор стаў героем сусветнавядомага партрэта Леанарда да Вінчы «Дама з гарнастаем», хоць у назве яго пераблыталі.

Тхорыкі-зладзюшкі

Як распавядаюць уладальнікі тхорыкаў, асаблівасць іх характару – красці, усё, што падвернецца пад лапкі. Нават расейская назва «хорек» азначае «злодзей.

«Яны не грызуць, але крадуць усё. У іх ёсць свае схованкі і яны ўвесь час цягнуць усё пад канапу. Яны бегаюць па хаце, ходзяць на латок, але пры гэтым могуць нашкодзіць крыху. Калі прыходзіш да хаты з крамы, могуць поўнасцю разабраць пакет і зацягнуць сабе ў куток. У знаёмых скралі ключ ад аўтамабіля і яго болей не знайшлі. Пры гэтым яны пяшчотныя. Вельмі любяць цалавацца. Галоўнае правільна выхаваць», – распавядае спадарыня Анастасія, якая трымае траіх жывёлак.

«Іх часта блытаюць, але гэта не грызуны – гэта драпежнікі. Калі яны цяжарныя, яны ліняюць. Увогуле тхары, яны вельмі клапатлівыя. Зараз у нас ёсць маленькія. Мама іх песціць, даглядае. Вельмі цікава за імі назіраць. Як яны цмокчуць малачко. Яны нараджаюцца вельмі маленькімі і потым вырастаюць. Зараз яны ўжо вялікія ў іх вочкі адкрыліся, вушкі адкрыліся. Іх завуць, Ёрык, Блу, Тошы, Пух», – дадае маленькая Дыяна, якая трымае тхорыкаў ужо сем гадоў.

Як распавядаюць уладальнікі, сярэдні кошт такога гадаванца ў Беларусі складае ад 100 да 150 $. Жывуць яны ў хатніх умовах 7-12 гадоў. Набываць лепш у пітомніку, каб былі дакументы, што жывёла здаровая. Як сцвярджае Ганна Піскун, тхор апошнім часам стаў трэндавай жывёлай, але наваспечаныя гаспадары часта не ўсведамляюць, што неабходна яшчэ і клапаціцца пра свайго гадаванца.

«Нядаўна ездзілі ажно ў Салігорск, забіралі падбітага тхора са сметніцы, бо гаспадары выкінулі. І выставу мы робім, каб пазнаёміць людзей з гэтымі цудоўнымі жывёламі, але таксама растлумачыць, як трэба правільна пра іх клапаціцца», – дадае спадарыня Ганна.

Глядзіце таксама:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў