Шарынг. Пірынг. Справядлівасць! Піраты і інтэрнэт-актывісты – Робіны Гуды XXI стагоддзя


Гэтыя людзі мяняюць свет, не падымаючыся з канапы. Яны ўдзельнікі міжнароднага піратскага руху (пірацкія партыі зарэгістраваныя ў 15 краінах) і гэтак званага Пірацкага інтэрнацыяналу.

Адныя называюць іх інтэрнэт-марксістамі за нелюбоў да карпарацыяў, іншыя гатовыя прагаласаваць за піратаў на выбарах у парламент. Праўда, ў беларусаў такой магчымасці няма – Беларускі пірацкі цэнтр нібы «Лятучы галандзец» юрыдычнага адрасу не мае і плыве ў след за прагрэсам.

Чым займаюцца айчынныя піраты? Пра гэта belsat.eu распавёў Міхаіл Волчак, які належыць да беларускага пірацкага руху.

«Несправядлівыя законы існуюць. Ці варта нам з гэтым змірыцца і моўчкі выконваць іх ці трэба спрабаваць змяніць іх, выконваючы існыя, пакуль не даможамся поспеху, або нам варта парушыць іх адразу?»

Гэнры Дэйвід Тора, «Аб грамадзянскім непадпарадкаванні»

– За што змагаюцца беларускія піраты?

– За празрыстасць кіравання і пераразмеркаванне ўлады. Мы хочам, каб грамадзяне былі непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага працэсу.

– Дэмакраты прапаноўваюць тое самае. У чым вашае наватарства?

– Класічныя палітычныя рухі робяць стаўку на рэпрэзентатыўную дэмакратыю. Піраты прапаноўваюць наўпроставую (direct) дэмакратыю. Сённяшнія тэхналогіі дазваляюць браць удзел у прыняцці рашэнняў без пасярэднікаў, якімі цяпер, нібыта, зʼяўляюцца парламентарыі або ўрад. Для нас сучасныя тэхналогіі – гэта інструмент, які можа дазволіць зрэалізаваць гэтую канцэпцыю дзяржаўнага кіравання. Піраты – гэта палітычны рух, які ведае, што тэхналогіі могуць працаваць на карысць грамадзянаў.

– Як можна зрэалізаваць ваш праект наўпроставай дэмакратыі?

– Максімальнае выкарыстанне інтэрнэту, адмысловых ўэб-рэсурсаў і мабільных аплікацыяў у вырашэнні якіх-кольвек пытанняў.

У залежнасці ад узроўню прыняцця рашэнняў будзе выкарыстоўвацца той ці іншы інструмент. Але сеціва – гэта база.

– Сістэма дзяржаўнага кіравання, я так разумею, гэта балячка, з якой змагаюцца піраты на постсавецкай прасторы.

– Гэта глабальная праблема. Але піраты таксама маюць прэтэнзіі да інстытуту інтэлектуальнай уласнасці. Ён ужо даўно састарэў і цяпер гарантуе правы не аўтараў, а пасярэднікаў, якія зарабляюць каласальныя грошы, манапалізаваўшы інтэлектуальны прадукт і сродкі яго распаўсюду. Карацей, мы хочам дамагчыся рэформы аўтарскага права.

Нелегальна спампавала 47 млн артыкулаў, і пра яе напісаў часопіс «Science»

– У Беларусі не надта паважаюць аўтарскае права. Людзі слухаюць музыку праз «УКантакце», замест таго, каб набываць яе ў «ITunes» або «Spotify», сцягваюць кіно і літаратуру праз торэнты, не кажучы ўжо пра навуковую літаратуру, якую можна спампаваць праз «Sci-Hub».

ДАВЕДКА

«Sci-Hub» – інтэрнэт-рэсурс, які дазваляе нелегальна спампаваць 47 мільёнаў навуковых артыкулаў. Сэрвіс у 2011 годзе заснавала Аляксандра Элбакян з Казахстану. Дзяўчына вырашыла зрабіць «Sci-Hub», калі зразумела, што не напіша сваю навуковую працу праз высокія кошты доступу да інтэрнэт-бібліятэкаў. У 2015 годзе выдавецтва «Elsevier» звярнулася ў суд Нью-Ёрку, заявіўшы аб парушэнні аўтарскіх правоў з боку «Sci-Hub».

Вы хочаце легалізаваць такую практыку? І ці актуальная гэта праблема для Беларусі?

– Абмен ведамі і інтэлектуальным кантэнтам у некаторых краінах пакуль не крыміналізаваны. Але ім нічога не замінае ўвесці адміністратыўную адказнасць за такі абмен. «Sci-Hub» – гэта вынік працы актывістаў-рамантыкаў, але гэта па-за законам. Мы хочам, каб некамерцыйнае выкарыстанне той жа навуковай літаратуры або пірынгавы шарынг былі легальныя. У заходніх краінах гэта лічыцца правапарушэннем. Яны на гэтым зарабляюць і папаўняюць бюджэты. А краіны, якія развіваюцца, праз сваю беднасць абмежаваныя ў доступе да важнай інфармацыі.

– І як тут быць? Трэба, як «Sci-Hub», спачатку скрасці, а пасля гэты акт крадзяжу легалізаваць?

– Гэта журналісцкае клішэ наконт «скрасці». Мы гэта называем некамерцыйным абменам. З пункту гледжання звычайных людзей гэта таксама абмен, а з пазіцыі права – гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Заможныя краіны лабіююць крыміналізацыю гэтага абмену. Падкрэсліваю – некамерцыйнага абмену. Для піратаў важна, каб аўтарскае права адпавядала сацыяльным практыкам, у тым ліку і ў такой кантэнт-беднай краіне, як Беларусь. Да бедных краінаў часам не даходзіць нават актуальная інфармацыя, якая б дазволіла, напрыклад, развіваць прамысловасць. Да нас у найлепшым выпадку далятае медыяшум пра нейкія навуковыя і інжынерныя адкрыцці.

– Але ў багатай краіне зайсці на jSTORE [электронная бібліятэка] і заплаціць 20 баксаў за абанемент, каб мець магчымасць пачытаць свежыя навуковыя артыкулы ў галіне біятэхналогіяў, – гэта сацыяльная практыка.

– Па рознаму бывае. Калі ты не прадстаўнік high (upper) middle class з канкрэтным лімітам на банкаўскай картцы, то будзеш шукаць альтэрнатыву платнаму кантэнту. Мае знаёмыя з ЗША і Еўропы распавядалі, што аддаць гэтыя ўмоўныя 20 баксаў за артыкул – апошняе, што яны б зрабілі. Пампуюць усе. Адукаваныя людзі і навуковая супольнасць увогуле вельмі лаяльна ставяцца да шарынгу. Дарэчы, дзякуючы гэтаму «Sci-Hub» развіўся.

– Пра іх нядаўна нават часопіс «Science» напісаў, маўляў, адтуль пампуюць усе, і ў якасці доказу апублікаваў мапку. Для мяне гэта робінгудства – забраць у багатых і раздаць бедным. Як ты лічыш?

– Распаўсюд інфармацыі – натуральны працэс. Гэта ёсць, функцыянуе, гэта натуральна для людзей. Пытанне ў тым, на чым дзяржава мусіць зарабляць. Стартапы нярэдка адаптоўваюцца да гэтых сацыяльных практык і становяцца паспяховымі. А тыя, хто стварыў сваю бізнес-мадэль шмат дзесяцігоддзяў таму, спрабуе ўсімі магчымымі сродкамі абараняць манаполію на распаўсюд падкантрольнага ім кантэнту. Тое, што называюць пірацтвам, я лічу сацыяльнай практыкай, якая дазваляе людзям атрымліваць веды і пераразмяркоўваць глабальны капітал.

Злодзеі крадуць. Піраты робяць копіі

– Ты кажаш пра абмен, але тут паўстае пытанне абмен чым: навуковымі даследаваннямі, музыкай, кіно… Найчасцей гэта абмен інфармацыяй, якая дазваляе без тугі перад кампом есці попкорн.

– Людзі ідуць па горадзе, бачаць рэкламу і білборды. Ім хочацца даведацца, што гэта такое. Ім хочацца рэфлексаваць. Яны хочуць ведаць, што значаць гэтыя мемы. Без культурнага і забаўляльнага кантэнту можна жыць, але гэта каштоўнасці, якімі хочацца падзяліцца. Хочаш пазбегчы гэтак званага неаўтарызаванага распаўсюду забаўляльнага прадукту ў сеціве, проста не выкладай яго ў інтэрнэт. Наогул не паказвай людзям. Але тут і хочацца зарабіць і колецца, што нехта расшарыць сябру. Капірайт (заканадаўства ў галіне аўтарскага права) забараняе распаўсюд у шырокім сэнсе плётак, а распаўсюджваць плёткі – натуральна для чалавека.

– Атрымліваецца, што піраты хочуць абмежаваць уладу, перамагчы карпарацыі, пераразмеркаваць капітал. Гучыць як сусветная рэвалюцыя. Што вы яшчэ хочаце змяніць у гэтым несправядлівым свеце?

Копілэфт і культура спажывецтва

– Мы выступаем за распаўсюд копілэфту (ліцэнзія, якая дазваляе выкарыстоўваць – не толькі спажываць, але даследаваць, змяняць, рефлексаваць – працы аўтара з яго дазволу на ўсе наступныя версіі), дзякуючы якому паўстаюць бясплатныя праграмы – свабоднае і адкрытае праграмнае забеспячэнне. Ты можаш быць як карыстальнікам такой праграмы, гэтак і яе распрацоўнікам. Калі ты выкарыстоўваеш свабоднае праграмнае забеспячэнне, ты можаш абіраць, а калі карыстаешся «закрытымі», так званымі прапрыетарнымі прадуктамі – ты збольшага не маеш выбару, застаецца толькі спажываць. Свабоднае праграмнае забеспячэнне – падстава свабоднага грамадства ў постінфармацыйную эпоху. Адным словам, піраты за выбар, за варыятыўнасць. Сёння ў Беларусі ствараюцца штучныя баʼеры. Нас пазбаўляюць права выбару, калі ўлады абмяжоўваюць выкарыстанне VPN [сродак абыходу блакавання сайтаў, якія не падабаюцца ўладзе]. Або іншы прыклад – wi-fi частоты. Можна зрабіць іх даступнымі, але існуе практыка продажу ліцэнзіі мабільным аператарам за велізарныя грошы.

– Сапраўды, сацыяльная дзяржава ўжо даўно павінна была даць нам бясплатны wi-fi.

– Дзяржава тут не пры чым. Памятаеш, калі ў 2000-х людзі самі стваралі сеткі па ўсім Менску. Гэта была ціхая IT-рэвалюцыя. Людзі самі забяспечылі сябе камунікацыямі. А пазней гэтыя сеткі, ўлады вывелі ў зону адміністратыўных правапарушэнняў, пасля чаго прыйшлі буйныя правайдары і ўзялі ўсё пад кантроль. Тэхналогіі крыміналізуюць, я ўжываю гэтае слова ў шырокім сэнсе, вакол нас будуюць плот. Дзяржава ідзе па шляху супрацы з карпарацыямі, і гэта нармальна, хай ідзе. Але пытанне ў тым, што ствараецца закрытая сістэма, якую немагчыма кантраляваць грамадзянам. Чым можна патлумачыць жаданне дзяржавы дамаўляецца аб супрацы з «Microsoft»?

– Карпарацыя гарантуе якасць. Яны маюць рэпутацыю і досвед.

– Ты калі-небудзь чытаў ліцэнзійныя пагадненні, калі інсталяваў праграмнае забеспячэнне? Няма ніякіх гарантыяў. Дачэрнія кампаніі «Microsoft», якія маюць ліцэнзію і супрацоўнічаюць з урадамі, таксама такіх гарантыяў не дадуць. Мяркую, што няведанне і аўтарытарная сутнасць нашай дзяржавы вызначае выбар. Кшталту, прыйшоў менеджар, пагаварылі і вырашылі. Ім прасцей дамаўляцца з карпарацыямі, чымся з пастаўляльнікамі адкрытага праграмнага забеспячэння, бо тут трэба рабіць выбар. Патрэбна больш аналізу і камунікацый з супольнасцю распрацоўнікаў, каб гэты выбар зрабіць. А «Microsoft» сказаў: вось у нас тут ёсць тое і тое, і вам прапануюць «гатовыя» рашэнні. Але такі выбар у тым ліку абумоўлены структурай дзяржаўнага кіравання.

– Ты ўвесь час кажаш, што ваш рух імкнецца да зменаў і рэформаў, але чаму ўлада не прыслухоўваецца да прагрэсіўных, з вашага пункту гледжання, думак?

– Імаверна, такія змены немагчымыя ў сённяшняй палітычнай канфігурацыі. Піраты – гэта не рамантыкі і не змагары толькі за права карыстацца торэнтамі ці спампоўваць навуковыя артыкулы. Наш рух арыентуецца на больш шырокі кантэкст. Гэта сацыяльная зʼява. Ёсць прававыя перадумовы палітызацыі пірацкага руху. Права, як ведае кожны юрыст, пішуць тыя, каму належыць улада. Менавіта таму мы кажам пра пераразмеркаванне ўлады, бо зараз гэта залішняя канцэнтрацыя, і нават не на нацыянальным, а на міжнацыянальным узроўні. І не толькі ў Беларусі, а па ўсім свеце. Мы хочам зрабіць інтэрнэт больш чалавечным, хочам, каб часткай гэтай прасторы сталі каштоўнасці, якія сапраўды маюць значэнне для людзей у лічбавую эпоху.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў