Шарамет: У Беларусі ўсё можа змяніцца ў любы момант і не з таго боку, з якога мы чакаем


Змены ў Беларусі могуць адбыцца ў любы момант, мяркуе стваральнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан», вядоўца перадачы «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале «24» Павел Шарамет.

«Змены могуць быць і мірнымі, у Польшчы за тыдзень да апошніх прэзідэнцкіх выбараў ніхто не сумняваўся ў трыумфальнай перамозе дзейнага прэзідэнта Браніслава Камароўскага, а ў выніку ён з трэскам прайграў, – падкрэсліў журналіст у інтэрвю радыё «Свабодзе». – Гэтак жа і ў Беларусі: здаецца, што нічога змяніць нельга, хаця ў кантэксце ўкраінска-расейскай вайны і паглыблення расейскага эканамічнага крызісу змены могуць адбыцца ў любы момант і зусім не з таго боку, з якога мы чакалі».

Паводле спадара Шарамета, Лукашэнка нездарма, нядаўна звярнуўшыся да ЦВК і сілавых структураў, сказаў: «Барані Бог, што вы будзеце рабіць розныя глупствы».

«Справа ў тым, што калі нават Лукашэнка ня будзе аддаваць крыважэрныя загады, вакол яго сабраўся натоўп крыважэрных і не вельмі разумных чыноўнікаў, і сваймі дзеяннямі яны могуць ізноў завесці сітуацыю ў палітычны тупік», – заўважыў журналіст.

Ён не выключае, што пэўне генерал КДБ, захацеўшы прэстыжны медаль, намалюе перад Лукашэнкам «жахлівую карціну беларускага Майдану». «І адбудзецца тое, што адбылося 19 снежня 2010 года, калі яны ад уласнага жаху спусцілі на людзей «палканаў» і зладзілі брутальны разгон», – заявіў стваральнік «Беларускага партызана».

На ягоную думку, ні Анатоль Лябедзька, ні Тацяна Караткевіч не складуць сурёзнай канкурэнцыі Лукашэнку, але як сімвалы пераменаў могуць адыграюць станоўчую ролю ў сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

Павел Шарамет дапусціў, што беларускія спецслужбы, спрабуючы набіць сабе цану і атрымаць дадатковае фінансаванне і пагоны, могуць палохаюць Лукашэнку Майданам і рэвалюцыяй, праз што кіраўнік Беларусі не вызваляе палітвязняў, уключна з Міколам Статкевічам.

«Хутчэй за ўсё Мікола Статкевіч будзе вызвалены пасля таго, як скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, каб пазбавіць яго нават эфемернай магчымасці паўдзельнічаць у гэтых выбарах. Хаця з улікам развалу апазіцыйнай кааліцыі вызваленне Статкевіча зараз унесла б яшчэ большы сумбур у апазіцыйную тусоўку», – лічыць журналіст.

Паводле спадара Шарамета, Захад цяпер расколаты расколаты па беларускім пытанні. Адныя палітыкі там мяркуюць, што надышоў час адарваць Беларусь ад Расеі і трэба весці максімальна інтэнсіўныя перамовы з Лукашэнкам. Флагманам такой палітыкі з’яўляецца Польшча, дадаў журналіст.

Іншая, не менш уплывовая група заходніх палітыкаў лічыць, што Лукашэнку верыць нельга, што ён шмат разоў падманваў і што пры змене заходняй палітыкі нічога кардынальна ня зменіцца – ён атрымае грошы і ізноў падмане. Тое, што кіраўнік Беларусі дагэтуль не вызваляе палітвязняў, дае дадатковыя аргументы скептыкам, што нічога ў Захаду з Беларуссю пры Лукашэнку не атрымаецца.

МЯ, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары