Шарамет: Нейкаму пакаленню беларусаў пашанцуе (невядомае інтэрвʼю)


Прапануем вашай увазе размову журналіста «Белсату» Алеся Залеўскага з Паўлам Шараметам, якое было запісана 20 ліпеня 2014 года ў Кіеве – роўна два гады таму. Інтэрвʼю публікуецца і паказваецца ўпершыню.

«Белсат»: Павел, вы амаль пастаянна ва Украіне. То бок тут ёсць чым заняцца і ёсць дзе беларусу выкарыстаць свае веды і ўменні ці гэта для ідэі, для Украіны?

Павел Шарамет: Лёс так складваецца, што я з Менску зʼехаў не ў Варшаву, а ў Маскву. Толькі таму, што ў Маскву мяне паклікалі на Першы канал, тады яшчэ «ОРТ», і там былі мае сябры. Гэта быў 1998-ы год, і тады не было таго цемрашальства, як цяпер. Там я пражыў і прапрацаваў 15 гадоў. Пасля лёс зрабіў такі паварот, і цяпер я праводжу ў Кіеве больш часу, чым у Маскве. І тут з пункту гледжання журналістыкі магчымасцяў працаваць больш, чым у Маскве.

«Белсат»: То бок справа выключна ў прафесіі, тут вось працоўны станок для журналіста, і таму Украіна?

Павел Шарамет: Калі казаць мудрагеліста, вобразна, то дыхаецца тут лягчэй. Хаця любая эміграцыя, любы пераезд – гэта заўсёды стрэс. Я, пераехаўшы ў Маскву, два гады прызвычайваўся, хаця ў мяне была добрая праца, сябры, усе гаварылі па-расейску. Тут тое ж самае. Я тут чужы. Мы чужыя ў тых краінах, у якія мы прыязджаем. Мы не вучыліся тут у школе, не вучыліся ва ўніверсітэце. Усе гэтыя сувязі па-новаму даводзіцца ўсталёўваць. Асабліва калі ты перакрочыў парог 40 гадоў, гэта ўжо складана. Але я сябе тут адчуваю камфортна. Па-першае, дзякуючы сваім поглядам я знаходжу кантакт з нармальнымі людзьмі. Па-другое, дзякуючы майму беларускаму паходжанню тут разбураюцца шмат якія барʼеры. Беларусаў любяць ва Украіне.

Калі ў Беларусі да ўкраінцаў ставяцца паблажліва, з нейкай такой пагардай, дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе, думаюць, што тут бардак і гэтак далей, то ва Украіне да беларусаў ставяцца нашмат цяплей. Украінцы разумеюць, што ў Беларусі дыктатура. Украінцы нават хваляць беларусаў за іх працавітасць, парадак і гэтак далей. Тут беларусы не адчуваюць дыскамфорту.

«Белсат»: Добра. А калі беларусы думаюць, што тут бардак, то чаго сюды едуць?

Павел Шарамет: Гэта ўсё таксама перабольшванне, калі кажуць пра бардак. Я вельмі шмат думаю, параўноўваю жыццё ў Беларусі ды ва Украіне. Я бачу вялізную колькасць беларусаў, якія прыязджаюць ва Украіну жыць і працаваць. І я не бачу ў Менску ўкраінцаў. Усё ж такі пры ўсіх катаклізмах і рэвалюцыях, ва Украіне ёсць нашмат большыя магчымасці для рэалізацыі.

У Беларусі стабільнасць, падобная да стабільнасці могілак. Цябе накрывае бетоннай плітой лукашызму, і з-пад гэтай пліты ты не можаш выбрацца. А тут акурат свабода ў шмат якіх праявах. Няхай нават свабода з нейкімі негатыўнымі наступствамі. Але тут усё роўна больш шанцаў.

«Белсат»: Так, але гэта ўсё патасныя словы…

Павел Шарамет: Ну канкрэтна давайце палічым: тут вялізная колькасць вельмі добрых моцных прыватных тэлеканалаў, на якіх вы, Алесь, можаце працаваць, у адрозненне ад Менску.

Бо ў Менску, калі вы не станеце падонкам, вы на ніводным канале не зможаце працаваць.

Тут вялізная колькасць незалежных газет і радыёстанцыяў, тут працуе Кузін, якога выгналі з Менску.

«Белсат»: Вы кажаце, што шмат беларусаў. І хто яны?

Павел Шарамет: Тут сярэдні клас, праграмісты, фінансісты, бізнесоўцы, журналісты. Тут такія людзі творчых прафесіяў лёгка сябе знаходзяць, у тым ліку музыканты, спевакі, якія перамагаюць ва ўкраінскіх конкурсах, а пасля застаюцца і ладзяць сабе гастрольныя туры. Таму што ў Беларусі ў іх гэтай магчымасці няма.

«Белсат»: Людзі, якіх вы назвалі, акурат робяць краіну сучаснай, мадэрновай. То бок Украіна дае такія магчымасці, а Беларусь не?

Павел Шарамет: Беларусь, натуральна, зусім не сучасная краіна. Гэта такі аскепак савецкай імперыі ў горшай яе праяве. Вядома, калі я прыязджаю ў Менск, мне прыемна пахадзіць пару-тройку дзён па вуліцах гораду. Чысціня, цішыня, рэкламы няма, хмурныя твары. Усе такія сканцэнтраваныя, насцярожаныя.

Беларусь пры Лукашэнку – краіна з мінулага. А Украіна нават пры ўсіх яе рэвалюцыях – гэта краіна з надзеяй на будучыню. Вядома, тут нельга ідэалізаваць сітуацыю, невядома, атрымаецца ва ўкраінцаў ці не. Але ў іх ёсць шанец, а ў Беларусі пры Лукашэнку няма ніякіх шанцаў.

«Белсат»: Што мусіць здарыцца ў нас, каб гэтыя шанцы зʼявіліся? Няўжо, паводле вашай логікі, павінна не стаць Лукашэнкі? Нешта ж павінна адбыцца і ў галовах людзей?

Павел Шарамет: Гэта ўзаемазвязаныя рэчы: дыктатар і адсутнасць пасіянарных асобаў. Калі дыктатар сыходзіць, гэтыя пасіянарныя асобы рухаюць краіну наперад. Лукашэнка стварыў сістэму татальнага падаўлення любой ініцыятывы: апазіцыйнай ці нават праўладнай. Ён баіцца любой ініцыятывы. І пакуль ён будзе пры ўладзе, не ўзыдуць на гэтым асфальце кветкі. Я думаю, што сама змена ўлады і будзе тым імпульсам для Беларусі, каб прарвацца наперад. Як толькі Расея перастане дапамагаць, а Расея зараз у складаным становішчы, гэта ўжо відавочна ўсім… Як толькі падрасце новае пакаленне… Я бачу, як беларусы раз за разам, раз у пяць-дзесяць гадоў спрабуюць зрабіць нейкі рывок, тым самым зрываючы «капялюшыкі», але цвікі зноў убіваюць у дрэва. То бок пакаленне падрастае, яно ірвецца, яно поўнае нейкіх спадзяванняў. Год-два мы бачым нейкі рух, пачынаюць гаварыць па-беларуску, пачынае моладзь рабіць нейкія сайты, газеты, мітынгі, арганізацыі. Потым праходзіць па іх катком КДБ і ўся гэтая машына, і зноў на два-тры-пяць гадоў цішыня. Пакуль вось наступныя школьнікі не пойдуць у інстытуты і з інстытутаў не паспрабуюць неяк дзёрнуць гэтае жыццё наперад.

Нейкаму пакаленню пашанцуе. Я спадзяюся, што мы гэта яшчэ пабачым і свой уклад у гэтую перамогу, у гэтыя перамены таксама ўнясем.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў