Шапіра сышоў у адстаўку і распавёў усю праўду пра беларускую хакейную зборную


28 чэрвеня Сямён Шапіра пакінуў пасаду старшыні Федэрацыі хакея Беларусі ды распавёў пра прычыны правалу зборнай на чэмпіянаце свету ў Даніі.

«Яшчэ год таму хадзілі размовы пра спецыфіку працы Дэйва Льюіса. У яго быў трохгадовы кантракт, які заключыў ня я. У выпадку разрыву нам давялося б выплаціць яму ўвесь астатні заробак. Гэта вельмі вялікія грошы. Скасаваць дамову я не мог, хоць, магчыма, і варта было.

Паводле кантракта Люіс быў абавязаны знаходзіцца ў Беларусі ўсяго 100 дзён. Я неаднаразова з ім размаўляў і прасіў часцей бываць у краіне, займацца развіццём маладых хакеістаў разам з мясцовымі трэнерамі. Папярэджваў Дэйва, што калі ён не будзе больш цесна працаваць з нашымі гульцамі, гэта можа дрэнна скончыцца, але гутаркі ні да чаго не прывялі. У нас няма 500 000 хакеістаў, таму трэба клапаціцца пра кожнага таленавітага гульца. Мне казалі, што Дэіў – сапраўдны прафесіянал. Але пры гэтым відаць, што матыватар з Льюіса слабы.

Былі выпадкі, калі хакеісты прыязджалі ў стане алкагольнага ап’янення. Пра што можна казаць, калі аднойчы каманда вярталася пасля матчу з Латвіяй і пʼяныя гульцы зʼяжджалі па прыступках з другога паверха аўтобуса на першы. Ім плацяць як дарослым, а гуляюць і паводзяць яны сябе, нібы дзеці», – сказаў Шапіра на прэс-канферэнцыі Федэрацыі хакея.

Шапіра таксама заявіў, што ўжо падрыхтаваная новая праграма развіцця дзіцячага хакея.

«Я здзіўляюся, калі размаўляю з трэнерам, а ён не ведае ніякіх методык. Аказваецца, нават літаратуру не вывучае. Цяпер усім разасланая падрыхтаваная федэрацыяй праграма.

Мы таксама ўсталявалі відэакамеры на ўсіх трэніроўках. Часам, калі гляджу і бачу, што паводле спісаў займаецца два-тры дзясяткі дзяцей, а на трэніроўцы іх дзесяць чалавек. Тлумачаць, што, хтосьці захварэў, хтосьці зʼехаў, у кагосьці не атрымалася. Але ўсім нагадаю, што калі колькасць дзяцей, якія займаюцца, дасягаецца пры дапамозе прыпісак – гэта крымінальная адказнасць», – адзначыў Шапіра.

Былы старшыня хакейнай федэрацыі выказаўся ў падтрыманне будаўніцтва лядовых палацаў, сказаўшы, што гэта можа станоўча адбіцца на развіцці хакея.

«Беларусь па насельніцтве можна параўноўваць з Чэхіяй або Фінляндыяй, але ў іх у разы больш арэн. І не трэба палітыкаваць гэтае пытанне», – заявіў Сямён Шапіра.

У бліжэйшыя гады запланавана павелічэнне колькасці дзяцей, якія будуць займацца хакеем (з 5 800 да 10 000).

ЮВ, belsat.eu, паводле sport.tut.by

Стужка навінаў