Шапіра больш не старшыня Менаблвыканкаму


Лукашэнка вызваліў Сямёна Шапіру ад пасады таму, што той атрымаў іншае месца працы.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

20 траўня Сямёна Шапіру абралі старшынём федэрацыі хакея Беларусі на чатыры гады. Ён змяніў на гэтай пасадзе Ігара Рачкоўскага, які ўзначаліў ФХБ у кастрычніку 2014 года.

Шапіра не меў нічога агульнага з хакеем, акрамя перыяду, калі быў старшынём Гарадзеншчыны і дапамагаў мясцоваму «Нёману».

«Маё прозвішча сярод хакеістаў вы ніколі не чулі. Так, я ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, але, прыехаўшы ў Горадню і стаўшы старшынём, палюбіў хакей. Не схільны рабіць кадравыя чысткі, аднак усе мяне ведаюць як чалавека жорсткага і патрабавальнага. Без гэтага не бывае вынікаў», – сказаў Шапіра падчас адной з канферэнцый.

Сямён Шапіра нарадзіўся ў 1961 ў вёсцы Рэчань на Любаншчыне ў сям’і навукоўца-аграрніка. Па адукацыі эканаміст. Быў адным з кіраўнікоў АГП у сярэдзіне 1990-х. Змяніў шмат пасадаў.

Працаваў галоўным эканамістам саўгасу «Камсамолец» у Дзяржынскім раёне Менскай вобласці, старшынём СКП «Маяк» ў Дзяржынскім раёне. Займаў пасаду дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытуту эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу. З 1999 года начальнік Галоўнага ўпраўлення эканомікі, з 2002 г. дырэктар Дэпартамэнта эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2004 г. узначаліў Агракамбінат «Дзяржынскі». З 18 красавіка 2008 г. міністар сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. З 20 траўня 2010 года па 14 лістапада 2013-га старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму. 14 лістапада 2013 году прызначаны старшынёй Менскага аблвыканкаму.

Жанаты, мае дачку і сына.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў