Шансанье Каліна просіць Лукашэнку абараніць ад «апазіцыі, радыкалаў і бандэраўцаў»


Звароты да мясцовых уладаў з патрабаваннем адмяніць канцэрты Віктара Мілько (Каліны) напалохалі спевака, які сімпатызуе тэрарыстам з ДНР і ЛНР. Па абарону шансанье звярнуўся да кіраўніка Беларусі.

Жыхары Горадні і Берасця запатрабавалі ад уладаў забараніць правядзенне канцэртаў Каліны ў іх гарадах.

Спявак адрэагаваў на гэта зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, які апублікаваў таксама ў сацсетках:

«Я не адчуваю сябе ў бяспецы! Мяне пераследуюць радыкалы. Зрываюць канцэрты. Работнікі культуры і ідэалогіі, як я мяркую з мясцовымі кіраўнікамі гарадоў, як гэта было ў горадзе Рэчыца, як гэта адбывалася ў горадзе Ворша, спалохаўшыся радыкалаў ад апазіцыі, рушыўшы ўслед за імі, сарвалі (Рэчыца) мой канцэрт, а ў Воршы адмянілі».

Таксама Каліна адзначае, што Лукашэнка – «лепшае, што магло здарыцца з Беларуссю». І супрацьпастаўляе сваю дзейнасць творчасці Міхалка. Сваіх гледачоў шансанье запісвае ў электарат Лукашэнкі, а прыхільнікаў Міхалка ў апазіцыю.

«Мой глядач, гэта ў масе выбаршчык з маймі поглядамі. Я змірыўся з тым, што ў дачыненні да мяне дзейнічае нейкая забарона ў сродках масавай інфармацыі. Але я не магу прыняць сітуацыю, калі апазіцыя, радыкалы, нацыяналісты, бандэраўцы ўчынілі цкаванне маёй творчасці і майго імя, а некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, па прыкладзе Рэчыцы і Воршы ім дапамагаюць у гэтым. Застаюся прыхільнікам свайго Прэзідэнта і яго выбаршчыкам», – піша Каліна.

Тым часам у Берасці працягваюць пісаць звароты ў мясцовыя органы ўлады з патрабаваннем забароны канцэрта Каліны 15 лістапада. Таксама людзі стварылі адпаведную петыцыю на сайце change.org.

ХВ, Belsat.eu

Стужка навінаў