Сезон на грыбы: збіраць ці не?

video

У разгар грыбнога сезону і актыўнага стыхійнага продажу лісічак, баравікоў, падасінавікаў беларусы становяцца перад пытаннем: купляць ці не купляць прадукт невядомага паходжання?

Жыхары Менску:

«Наступствы Чарнобылю яшчэ дзеюць, таму – не!»
«Не! Бо баюся! Столькі рэкламы паўсюль, што паўсюль радыяцыя, страшна!»
«Не, нічога не правяраю! Набываю і ўсё! На ўдачу!!»

Медыкі тым не менш рэкамендуюць усе беларускія грыбы, а таксама ягады і дзічыну спраўджваць на радыяцыю.

АЛЕГ КАЧАЛІН, УЗ «МАГІЛЁЎСКІ ЗАНАЛЬНЫ ЦЭНТР ГІГІЕНЫ І ЭПІДЭМІЯЛОГІІ»:

«Нават у чыстых раёнах, то бок з узроўнем забруджвання грунту да аднаго кюры на квадратны кіламетр могуць быць паказанні з перавышэннем утрымання чагосьці там, як радыяцыя мае такую тэндэнцыю да міграцыі».

Гандляры на афіцыйных рынках мусяць перад продажам праверыць свой тавар у мясцовых лабараторных пунктах. Зрабіць гэта можна і ў дзяржаўных лабараторыях. А вось вулічныя рэалізатары займаюцца дакументамі неахвотна.

Мы вырашылі праверыць, наколькі ж складана атрымаць такую даведку ў сталіцы. Набыты на вуліцы літр падасінавікаў нібыта з-пад Маладзечна аднеслі ў Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Амаль за пяць рублёў мы атрымалі афіцыйныя паперы… але толькі праз два дні. Наўрад ці вулічныя гандляры будуць столькі чакаць рэалізацыі харчоў. А, значыць, удвая пільныя мусяць быць спажыўцы.

АЛЕГ КАЧАЛІН, УЗ «МАГІЛЁЎСКІ ЗАНАЛЬНЫ ЦЭНТР ГІГІЕНЫ І ЭПІДЭМІЯЛОГІІ»

«Падчас варэння грыбоў узровень радыяцыі значна зніжаецца, трэба варыць грыбы з дадаткам з дадаткам солі, лімоннай кіслаты, і зліваць адвар кожныя 15 хвілін. Узровень забруджвання можа знізіцца а тры-чатыры разы».

Зрэшты, праверыць лясныя харчы можа і сам пакупнік. Бясплатна, але без выдачы даведкі. І хоць нашыя маладзечанскі падасінавікі аказаліся чыстыя, самым асцярожным спажыўцам адмыслоўцы раяць абмінаць нелегальныя гандлёвыя кропкі.

Таццяна Рэўт belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары