Севярынец патрабуе пакараць вінаватых у смерці жаўнера Аляксандра Коржыча


Аляксандр Коржыч. Фота - ВК

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец патрабуе ад Мінабароны і Генеральнай пракуратуры выявіць і пакараць тых, хто мае дачыненне да смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Пячах пад Барысавым.

«Сітуацыя відавочная і страшная, – цытуе Севярынца сустаршыня БХД. – У маладога жаўнера, Аляксандра Коржыча, паводле шматлікіх сведчанняў, вымагалі грошы проста за тое, каб яго ня білі. Урэшце, па-зверску забілі і інсцэнавалі суіцыд. Міністэрства абароны, якое пару тыдняў таму на вучэннях «Захад-2017» пахвалялася перад усім светам «баегатоўнасцю» – пакрывае дзікую «дзедаўшчыну» і адмаўляецца расследаваць відавочнае забойства. У СМІ ўжо трапілі сведчанні пра разгул нестатутных адносінаў у Печах, здымкі з гематомамі на галаве і целе Аляксандра – а прадстаўнікі міністэрства ўпарта паўтараюць пра суіцыд. Што гэта за «абарона» такая, калі беларусаў забіваюць у быццам бы беларускім войску?!»

Палітык патрабуе ад Мінабароны і Генеральнай пракуратуры поўнага і адкрытага расследавання.

«Калі інфармацыя пра »дзедаўшчыну« і забойства Аляксандра пацвердзіцца, мы будзем настойваць на расфармаванні адпаведных вайсковых частак і адстаўцы міністра», – адзначыў Севярынец.

Як паведамлялася раней, 3 кастрычніка, у падвальным памяшканні на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах быў знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Афіцыйная версія смерці – самагубства. Але ягоныя сябры ўпэўнены, што Аляксандр стаў ахвярай дзедаўшчыны.

 

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары