Севярынец: Некаторыя з тых, што нясуць кветкі да помніка Леніну, стралялі б і цяпер


У Беларусі афіцыйна святкуюць дзень Кастрычніцкага перавароту, які адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец назваў самым страшным у гісторыі чалавецтва эксперыментам.

У выніку Кастрычніцкага перавароту, адзначыў палітык, загінулі дзясяткі мільёнаў людзей па ўсім свеце і мільёны людзей у Беларусі. «Таму святкаваць гэты дзень – гэта проста нешта жахлівае, гэта нешта перавернутае з ног на галаву, гэта проста пекла», – выказаўся дзеяч.

«Людзі разумеюць, што дзяржава святкуе гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, значыць, гэта нармальна забіваць людзей, якія належаць да іншага класу, або за тое, што яны больш ініцыятыўныя, чым іншыя, або за тое, што яны вераць у Бога», – заўважыў палітык.

Магчыма, што нехта з тых, хто нясе цяпер кветкі да помніка Леніну не ўсведамляюць, што яны ўхваляюць чырвоны тэрор і робяцца саўдзельнікамі камуністычных злачынстваў, падкрэсліў спадар Севярынец. «Некаторыя свядома нясуць кветкі, яны б і цяпер стралялі, яны б і цяпер бы знішчалі. Не трэба думаць, што гэта прайшло і ў далёкім мінулым. Сёння на Данбасе людзі з такімі самымі «чырвонымі» перакананнямі проста перазараджаюць аўтамат Калашнікава і пускаюць чаргу ў мірнага жыхара, ва ўкраінца, у дзяцей», – адзначыў Павел Севярынец.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў