Севярын Квяткоўскі: «У беларусаў знік страх, тармазы ўжо не працуюць!»


 Якім быў 2015-ы год для Беларусі? Што змяніла беларускае грамадства і да якой важнай прыступкі набліжаемся мы як супольнасць? Чаму ў беларусаў знікае страх і расплюшчваюцца вочы на культурныя здабыткі народу?

Госці студыі – пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі, культуролаг і гісторык Сяргей Харэўскі – падсумоўваюць і ўзгадваюць самыя адметныя падзеі года, што адыходзіць.

«Беларусы дзіка пачалі бяднець – рэзка, на вачох. Увесь час ідуць гэтыя знакі: то вылезла маладая кабета з тралейбуса з вакна, уцякаючы ад кантралёраў. Там натоўп накінуўся на міліцыянтаў, якія цягнулі мужчыну за нагу. Я такога з дзевяностых не памятаю! Нам кажуць, што беларусы – запужаны народ. Але насамрэч страху няма, тармазы ўжо не працуюць!» – зазначае пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі.

Спадар Квяткоўскі распавёў лічыць, што адбыліся глыбокія змены ўнутры беларускага грамадства. Як прыклад – скаргі грамадзянаў, калі мясцовыя ўлады вымушаныя прыслухоўвацца да меркаванняў і крытыкі звычайных асобаў.

«Атрымліваецца, што можна многа зрабіць, чаго нам не хапала. Хацелі ствараць культурны прадукт і каб нам не заміналі. Сёння гэта стала магчымым», – мяркуе Сяргей Харэўскі, культуролаг, гісторык.

Падчас шматлікіх паездак па Беларусі сп.Харэўскі паразмаўляў са мноствам людзей. Культуролаг падкрэслівае: вельмі папулярнымі аказваюцца ініцыятывы кшталту «Мова нанова», стрыт-арт розных кірункаў, джазавыя вечары ў Менску. Усё гэта набывае моц у шмат якіх гарадах.

«Апагеем культурнага параду планетаў, якім адзначыўся сёлетні год, стала атрыманне Святланаю Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі. Таму гэта быў адзін з найлепшых нашых гадоў» – распавядае Сяргей Харэўскі.

Севярын Квяткоўскі падкрэслівае, што Нобэлеўская прэмія стала каласальным штуршком для Беларусі, які выклікаў самыя розныя водгукі і дыскусіі.

«Гэта не бессэнсоўная зʼява. Гэта этапы дарослення грамадства. Беларусы наблізіліся да наступнай прыступкі, каб зразумець неабходнасць дыскусіі ўнутры грамадства», – дадае журналіст.

«Самы лепшы вынік – гэта тое, што абышлося без ахвяраў сёлета – вызваленыя палітвязні. Нас ведаюць у свеце, у новы год мы ўваходзім з высока ўзнятаю галавою і надзеяй», – падсумоўвае Сяргей Харэўскі.

Глядзець цалкам выданне «Два на два»

Гарась Валатовіч, Белсат

Стужка навінаў