Сетка «Алмі» лічыць Крым расейскім?


На вітрыне крамы АЛМІ паказана, што Крым з'яўляецца расейскай тэрыторыяй.

У берасцейскай краме сеткі «Алмі» прадаюцца крымскае віно – на вітрыне напісана, што Крым з’яўляецца расейскай тэрыторыяй. Але такая пазіцыя разыходзіцца з афіцыйнай пазіцыяй нашай краіны.

Нагадаем, афіцыйна Беларусь не прызнала рэферэндум у Крыме ў 2014 годзе, як і расейскую акупацыю паўвострава. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца большасць краінаў у свеце.

Цяпер крымскі завод Массандра кантралюе ўпраўленне справамі прэзідэнта Расеі

Пасля анексіі паўвострава былі захопленыя і крымскія прадпрыемствы. У прыватнасці два найбуйнейшых крымскіх заводы па вырабе віна – «Массандра» і «Магарач» былі перададзеныя ўпраўленню справамі прэзідэнта Расеі. Еўразвяз і Украіна ўвялі санкцыі супраць усіх крымскіх прадпрыемстваў.

У чэрвені сёлета санкцыі былі падоўжаныя яшчэ на год. Беларусь не прызнае акупацыі Крыму, але ў адрозненне ад краінаў, якія прытрымліваюцца такой жа пазіцыі, увозіць і рэалізуе на сваёй тэрыторыі прадукцыю, якая трапіла пад санкцыі ва Украіне і ЕЗ. У прыватнасці крымскія віны, якія ідуць у продаж як расейскія, хоць на некаторых бутэльках, вырабленых да акупацыі напісана «зроблена ўва Украіне». Нагадаем, раней мы паведамлялі, што беларускія прадпрыемствы гандлююць з ЛНР і ДНР.

Віно з акупаванага Крыму можна набыць у берасцейскай краме АЛМІ.

Кіраўніцтва сеткі «Алмі» ніяк не пазначыла сваю пазіцыю, не толькі адмовіўшы ў каментары па тэлефоне, але і праігнараваўшы афіцыйны запыт – не адказалі на пытанні «Белсату» ва ўстаноўлены законам тэрмін. Нагадаем, што ў гэтай жа сетцы крамаў напярэдадні 9 траўня «ваявалі сасіскі», але пасля матэрыялу на нашым сайце рэкламную шыльду знялі.

СА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары