«Сэрца еўрапейскай бяспекі – Беларусь»


«Белсат» паразмаўляў з экс-намеснікам міністра абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым пра варшаўскі саміт НАТО і яго наступствы.

Ці паўплываюць вынікі саміту НАТО на бяспеку Польшчы і цэнтральнаеўрапейскага рэгіёну?

Ня толькі Польшчы. Я пагаджуся з прэзідэнтам Оўбамам, які казаў пра асноўную ролю Польшчы ў рэгіёне, калі казаць пра гарантыі бяспекі. Сапраўды – на Польшчу ўскладзены такі абавязак. Таму так – пастановы, прынятыя на гэтым саміце, сапраўды істотныя, а што мяне ў іх цешыць найбольш, дык гэта факт вайсковага ўзмацнення краінаў Балтыі. Бо ў нашым выпадку батальён, што зʼявіцца ў Польшчы – гэтыя каля тысячы жаўнераў, – ня ёсць вялікім узмацненнем, бо польскае войска налічвае значна больш. Але для літоўцаў, латышоў і эстонцаў тысяча жаўнераў – гэта ўжо сурʼёзная рэч. Да таго ж, гэта жаўнеры іншае дзяржавы, што дае гэтым краінам гарантыю таго, што тыя ж дзяржавы заангажаваныя ў іхную абарону – гэта істотна.

Ці будзе баяцца гэтых чатырох батальёнаў Расея?

Вядома ж, не. Вядома ж, не. Калі вядзецца пра еўрапейска-расейскія дачыненні, то вызначальным тут ёсць тое, што Расея разумее сваю няздольнасць перамагчы патэнцыял НАТО. Ды натуральна – ня мусіць дайсці да таго, каб гэты патэнцыял быў выкарыстаны. Гэта – першае. Па-другое, я ня думаю, што Расея адмовіцца ад сваёй палітыкі, яна будзе шукаць захадаў разʼяднаць НАТО – пасварыць і падзяліць. І для мяне гэты саміт ёсць доказам таго, што на гэты момант Расея гэтага зрабіць ня здолела, і гэта вельмі істотны сігнал. І на гэтым абапіраюцца нашыя гарантыі бяспекі на гэты момант.

Гарантыяй бяспекі Польшчы на сённяшні момант зʼяўляецца пяты артыкул трактату НАТО, дзе ідзе гаворка, што ўсе за аднаго і адзін за ўсіх. Ці набывае новы сэнс гэты артыкул пасля падзеяў ва Украіне?

Увесь час уздымаецца пытанне гэтага пятага артыкулу. Натуральна, саміт пацвердзіў гэты запіс, але я ўвесь час падкрэсліваю, што ў Вашынгтонскай дамове перад пятым артыкулам ёсць яшчэ трэці, які кажа, што кожная краіна-ўдзельніца мусіць дбаць пра ўласны абарончы патэнцыял. Бо ў гэтым і ёсць моц хаўрусу – што мы ўсе ўносім свае патэнцыялы. Я мяркую, што гэты абавязак ляжыць на Польшчы, але таксама і на іншых краінах рэгіёну – то бок такім чынам развіваць свае ўзброеныя сілы, каб гэтае запужванне Крамля на нас не рабіла ўражання.

Які статус Беларусі больш карысны для бяспекі ў нашым рэгіёне? 

Я перакананы, што Беларусь адыгрывае асноўную ролю ў бяспецы гэтага рэгіёну. Калі ўзгадаем гісторыю і мінулыя войны, то Польшча заўсёды была ахвяраю ўдараў, што ішлі цераз Беларусь. Або мы, у часы існавання Рэчы Паспалітай – Польшча, Белая Русь, Чырвоная Русь і Літва – былі ў адной дзяржаве, і баронячыся або атакуючы – таксама ішлі праз гэты рэгіён. Сэрца еўрапейскае бяспекі – гэта Беларусь. І пытанне ў тым, якую ролю будзе граць Беларусь: ці будзе дзяржавай у структуры заходніх, незалежных краінаў, або будзе расейскаю губерняй і такім плацдармам, дзе Расея зможа расстаўляць свае дывізіі перад маршам на Захад. Гэта сурʼёзная праблема, што стаіць перад Беларуссю, перад Захадам. Якім чынам Беларусь мае будаваць сваю палітыку, у тым ліку замежную палітыку. Мне падаецца, што з польскага боку пачалі заўважаць, разумець ролю Беларусі. І цяпер пытанне ў тым, як спалучыць адно з адным. То бок дзейныя ўлады Беларусі ды ўплыў, які мае Расея на Беларусь, а зіншага боку – усведамленне, думаю ўсё большай лічбы беларусаў таго, што Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг ёсць як бы лепшым выбарам.

Ці НАТО пагражае Беларусі?

Ні ў якім выпадку. То бок расейскі бок рэгулярна кажа пра тое, што нібыта Польшча збіраецца, да прыкладу, Гарадзеншчыну ці Берасцейшчыну забраць. Гэта, натуральна, глупства. Польшча ня толькі ня мае намераў кагосьці атакаваць, але і болей за тое – мы мяркуем, што ня варта змяняць аднойчы вызначаных межаў. Бо пасля адной такой змены могуць адбыцца наступныя і наступныя, а пасля мы атрымаем вайну ў Еўропе. Але калі мы зробім так, як мы маем у Еўразвязе, што межы ня дзеляць, што людзі, якія жывуць з абодвух бакоў, могуць без праблемаў сустракацца, квітнее гандаль, транспарт ідзе без перашкодаў, – гэта было б найлепшым выйсцем. Таму Польшча хацела б мець свабоднага і дэмакратычнага суседа, які будзе часткаю Захаду, і гэтага нашым беларускім братам зычу ад усяго сэрца.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары