Сепаратысты ДНР ўжо ў Гомлі

video

ДНР ужо ў Беларусі. У Гомлі нецвярозы пасажыр маршруткі, які сцвярджае, што ваюе на Данбасе за грошы, прапаноўваў блогеру Алесю Плотку набыць стужку патронаў наўпрост з ДНР. А ў Магілёве мужчына, які прыйшоў на пікет, зарганізаваны Аб’яднанаю грамадзянскаю партыяй, і назваўся ветэранам войнаў у Чачэніі ды Прыднястроўі, шчыра прызнаўся, што забіваў на Данбасе ўкраінцаў.

«Самае агіднае, што ён распавядаў пра гэта без усялякіх эмоцый, абсалютна спакойна. Распавядаў з такім тонам і такой інтанацыяй, з якой людзі распавядаюць пра тое, што яны елі на сняданне» — Аляксей Кірыенка, сябра АГП, Магілёў.

У сталіцы праявы сепаратызму знайшлі сваё месца на таксоўцы. Карыстальнікі сацыяльных сетак сфатаграфавалі машыну, на якой красуецца сцяг непрызнанай «Данецкай народнай рэспублікі». У самой службе таксі «Ай к’ю» запэўніваюць, што аўто больш не працуе ў таксапарку.

«Гэта аўтамабіль ужо ў нас не працуе, і гэтая наклейка нестандартная, нашая наклейка зусім іншая. Яна адрозніваецца ад той, якая налеплена на аўто, які возіць сцяг ДНР. Гэты кіроўца раней у нас працаваў, але ўжо нейкі час не працуе» — паведамілі ў «IQ-TAXI».

Але ўлады амаль не рэагуюць на праявы прарасейскага сепаратызму ў Беларусі. Чаго не сказаць пра стаўленне да нацыянальных скарбаў Украіны. Напярэдадні на беларуска-ўкраінскае мяжы беларускія мытнікі затрымалі ўкраінскіх журналістаў з Цэнтральнага каналу, якія ехалі транзітам у Вільню. Украінцаў абвінавацілі ў спробе правезці экстрэмісцкую літаратуру і аўдыёпрадукцыю, агулам забраўшы 22 асобнікі — кнігі ды аўдыёдыскі.

«Для Беларусі нашыя песні ды герой Украіны Ляўко Лук’яненка, галадамор — гэта экстрэмізм. Нікому не раю ездзіць праз Беларусь, нават транзітам. Там СССР, там «русский мир», там Расеяй пахне…» — пераконвае журналіст Аляксандр Даній.

Тым часам, пакуль баевікі з Данбасу спакойна разгульваюць па беларускіх вуліцах, айчынная міліцыя шукае Эдуарда Лобава, які паехаў ваяваць на баку Украіны. Пры гэтым старшыня КДБ Валерый Вакульчык і кіраўнік краіны неаднаразова заяўлялі, што наёмнікі будуць адказваць паводле ўсёй строгасці закону.

Але афіцыйныя паведамленні пакуль не ўтрымліваюць ніводнай звесткі пра затрыманне тых, хто ваюе на Данбасе з боку сепаратыстаў.

«Дзіўна, што гэтыя людзі ніводнага разу не былі вызваныя ні пракурорам, ні КДБ. Але ж гэтыя людзі могуць быць небяспечнымі для грамадства. Яны прыехалі з вопытам, з вайны. Таму трэба высветліць, хто іх вербаваў» — тлумачыць Алег Волчак, былы следчы пракуратуры.

Але нават у тым выпадку, калі гэтак званыя абаронцы Данбасу выдаюць сябе за тых, хто ваюе на ўсходзе Украіны, улады ўсё адно, на думку Волчака, мусяць звяртаць на гэта ўвагу.

«Нават калі ён кажа няпраўду, то ён мусіць стаць на прафілактычны ўлік і з ім павінна праводзіцца праца. Каб ён у будучым не распаўсюджваў такія чуткі, што ён удзельнічаў у якіх-небудзь баявых дзеяннях» — дзеліцца Алег Волчак, былы следчы пракуратуры.

Пакуль жа людзі, якія ездзяць на Данбас забіваць украінцаў, з лёгкасцю вяртаюцца назад, сапраўдныя патрыёты не маюць магчымасці прыехаць у Беларусь. А таму застаюцца ва Украіне і атрымліваюць украінскае грамадзянства, як напярэдадні яго атрымаў беларус Васіль Парфянкоў.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары