Сенатара Ганну Шарэйку вызвалілі ў залі суда


Сенатар і былая дырэктарка Віцебскай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка прызнаная вінаватай і прысуджаная да 2,5 гадоў пазбаўлення волі са штрафам 150 базавых велічыняў. Прысуд па яе справе вынесены 10 чэрвеня ў Вярхоўным судзе.

Таксама 2 гады пазбаўлення волі і штраф у 150 базавых велічыняў атрымаў дырэктар ЗАА «Даймас» Вальдэмарас Норкус.

Былыя намеснікі Шарэйкі Надзея Семчанкава атрымала два гады і штраф, а Яўген Канавальчанка – 4 гады абмежавання волі.

Дырэктар прадпрыемства «Руском-Р» Міхаіла Разжывін таксама асуджаны на 4 гады абмежавання волі.

Пры гэтым усе абвінавачаныя вызваленыя ў залі суда з улікам пакарання, якое яны ўжо адбылі, і амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пад вартай застаецца Вальдэмарас Норкус, тэрмін якога скончыцца 10 ліпеня.

Крымінальная справа ў адносінах сенатара Ганны Шарэйкі і яшчэ шасці супрацоўнікаў фабрыкі і прадстаўнікоў кампаніяў-пастаўшчыкоў слухаліся ў Вярхоўным судзе з лютага бягучага года.

Па версіі следства, Шарэйка, будучы гендырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, уступіла ў карупцыйную змову са сваім жаніхом Вальдэмарасам Норкусам, дырэктарам літоўскай фірмы «Даймас» і заснавальнікам кампаніі «Руском-Р», праз якую ішлі пастаўкі ў Віцебск камбікармоў і кармавых дабавак.

Пад вартай Шарэйка знаходзілася са жніўня 2014 года. У 2011-2013 гадах, калі, паводле ацэнкі следства, дзеянні абвінавачаных наносілі шкоду фабрыцы, Віцебская бройлерная птушкафабрыка была прыбытковай. А ўжо ў першы ж год пасля арышту дырэктаркі на фабрыцы зафіксавалі страты.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў