Сенат ЗША ўхваліў больш жорсткія санкцыі адносна Расеі


Сенат ЗША ўхваліў законапраект, які прадугледжвае новыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу сектараў расейскай эканомікі, а таксама тых асобаў і кампаніяў, якія маюць дачыненне да карупцыі, парушэння правоў чалавека, паставак зброі рэжыму Башара Асаду і кібератак.

Законапраект дазволіць уводзіць абмежаванні супраць расейскіх галін прамысловасці, якія раней санкцыяў не падвяргаліся.

У дакуменце ўтрымліваецца прапанова абкладаць санкцыямі тых, хто дапамагае Расеі развіваць сістэму трубаправодаў для экспарту нафты і газу. Таксама санкцыі закрануць горназдабыўчы і металургічны сектара эканомікі, суднаходства і чыгунку.

Новыя санкцыі закрануць тых, хто ўдзельнічае ў карупцыйнай прыватызацыі дзяржаўных актываў, на кім ляжыць адказнасць за сурʼёзныя парушэння правоў чалавека, хто мае дачыненне да пастаўкі зброі рэжыму Башара Асада і праводзіць кібератакі.

Паводле РБК, ЗША таксама плануюць перакрыць магчымасці абыходу санкцыяў – напрыклад, перадаплату за расейскія тавары і сыравіну з боку заходніх пакупнікоў. У Сенаце ўпэўненыя, што авансавыя плацяжы за пастаўку тавараў можна разглядаць як схаванае крэдытаванне расейскіх кампаніяў, якія знаходзяцца пад санкцыямі.

Тэкст законапраекта ўскладняе для прэзідэнта ЗША аднаасобную адмену санкцый. Акрамя таго, у дакуменце ідзе гаворка пра дапамогу ва ўмацаванні дэмакратычных інстытутаў і барацьбе з расейскай прапагандай у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якім можа пагражаць расейская агрэсія.

Цяпер дакумент мусіць быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў ЗША, пасля чаго адправіцца на подпіс прэзідэнту Доналду Трампу.

Санкцыі ў дачыненні да Расеі былі ўведзеныя ўладамі ЗША ў сакавіку 2014 года ў адказ на анексію Крыму і пачатак вайны на Данбасе. З тых часоў санкцыі некалькі разоў пашыраліся.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў