Сенат ЗША падтрымаў новыя санкцыі супраць Расеі


Сенат ЗША 27 ліпеня амаль аднагалосна ўхваліў новыя санкцыі супраць Расеі.

Законапраект, які паступіў з Палаты прадстаўнікоў, падтрымалі 98 заканадаўцаў, супраць прагаласавалі двое. Далей дакумент накіруюць у Белы дом, дзе прэзідэнт Дональд Трамп мае падпісаць яго або накласці вета. Калі Трамп скарыстаецца правам на вета, абедзве палаты Кангрэсу будуць намагацца гэта пераадолець.

Напачатку сваёй кадэнцыі Трамп заяўляў аб магчымасці паляпшэння адносін з Расеяй. Цяпер яго дзейнасць у гэтым накірунку стрымлівае расследаванне фактаў расейскай дапамогі Трампу падчас выбарчай кампаніі.

Новы законапраект мае стаць першым буйным знешнепалітычным дакументам, прынятым падчас прэзідэнцкага тэрміну Трампа.

Санкцыі ў дачыненні Расеі выкліканыя яе ўмяшаннем у выбары ў ЗША, агрэсіяй ва Украіне, падтрымкай ураду ў сірыйскім канфлікце.

Тым часам Уладзімір Пуцін заявіў, што калі ЗША канчаткова зацвердзіць санкцыі, гэта будзе відавочная спроба выкарыстаць свае геапалітычныя перавагі ў канкурэнтнай барацьбе «з абцяжарвальнымі абставінамі і з асаблівым цынізмам»

«Мы паводзім сябе вельмі стрымана, цярпліва, але ў нейкі момант нам прыйдзецца адказваць, немагчыма бясконца трываць нейкае хамства ў дачыненні да нашай краіны», — падкрэсліў Пуцін.

 

Ён таксама падкрэсліў, што спадзяецца дасягнуць кансенсусу па гэтым пытанні і «выйсці на нейкія элементы супрацоўніцтва і дамоўленасці».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў