Сенат Польшчы прыняў закон аб Вярхоўным судзе


Паліцыянты стаяць на варце каля будынку Сенату падчас акцыі пратэсту супраць рэформы Вярхоўнага суда. Варшава, Польшча. 21 ліпеня 2017 года. Фота – Kacper Pempel/Reuters

У польскіх гарадах праходзяць акцыі пратэсту, апазіцыя просіць прэзідэнта накласці на рэформу вета.

Польскі сенат ухваліў закон аб Вярхоўным судзе. За дакумент прагаласавалі 55 сенатараў, супраць – 22, двое ўстрымаліся.

Дэбаты распачаліся ў пятніцу раніцай, а скончыліся ўночы на суботу.

Ян Рулеўскі, чалец партыі «Грамадзянская платформа», прыйшоў на паседжанне ў турэмнай робе. «У Польшчу вяртаецца паліцэйская дзяржава», цытуе палітыка газета «Wyborcza». Сенатары ад кіроўнай партыі «Права і Справядлівасці» назвалі яго «паяцам».

Крытыкі праекту кажуць, што закон забівае судовую незалежнасць і пагражае вяршэнству закона. Кіроўная партыя «Права і Справядлівасць» заяўляе, што рэформа неабходная для павышэння эфектыўнасці работы суда і канчатковага разрыву з суддзямі і практыкамі камуністычнай эпохі.

Associated Press падае, што закон дае палітыкам істотны ўплыў на Вярхоўны суд.

Цягам тыдня па ўсёй Польшчы прайшлі начныя акцыі пратэсту.

Людзі трымаюць свечкі на варшаўскай акцыі пратэсту супраць рэформы Вярхоўнага суда. 21 ліпеня 2017 года. Фота – Kacper Pempel/Reuters

На падпісанне праекту ў прэзідэнта Анджэя Дуды ёсць 21 дзень, пасля чаго ён набудзе законную моц.

На пытанне правага парталу wpolityce.pl, ці прэзідэнт павінен падпісаць закон, больш за 17 тыс. чалавек адказалі «так», больш за 800 – «не».

Старшыня Вярхоўнага суду сустрэнецца з Анджэем Дудам у панядзелак раніцай для абмеркавання крызісу.

ДД

Глядзі таксама
Каментары