Семінарыстаў забіраюць у войска. Помста ўладаў?


Каталіцкія біскупы Беларусі напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку, рэагуючы на тое, што маладыя святары і семінарысты сталі гэтай вясной атрымліваць позвы ў ваенкаматы. Гэта пагражае поўным спыненнем працы ўсіх каталіцкіх навучальных устаноў у краіне.

Перакаваць на мячы

Каля 20 навучэнцаў каталіцкай семінарыі ў Горадні і маладых святароў, якія служаць на Гарадзеншчыне, атрымалі позвы з патрабаваннем з’явіцца ў ваенкаматы.

Аналагічныя позвы атрымалі і ў Пінскай дыяцэзіі, дзе таксама знаходзіцца каталіцкая духоўная семінарыя, а таксама позвы былі перададзеныя і дзясяткам праваслаўных семінарыстаў, паведаміў незалежны хрысціянскі партал krynica.info.

Як гэта было раней

Архіўнае фота belsat.eu

Звычайна святары і семінарысты маюць адтэрміноўку ад службы ў войску – працэдура прапісаная ў прынятым 13 красавіка 2006 года даручэннем Савету Міністраў Беларусі.

Каталіцкія дыяцэзіі накіроўваюць у апарат Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў запыты аб адтэрміноўцы службы, а той перадае адпаведныя хадайніцтвы ў Міністэрства абароны.

«З просьбай»

«Таксама ў жніўні 2017 г… дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падалі адпаведную інфармацыю для прадстаўлення адтэрміноўкі на 2018 г. святарам і студэнтам вышэйшых духоўных навучальных установаў. Аднак у траўні 2018 г. семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць павесткі для праходжання тэрміновай вайсковай службы», – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У выпадку прызыву семінарыстаў семінарыі проста не змогуць існаваць, адзначаюць беларускія каталіцкія біскупы. Пры гэтым беларускіх каталіцкіх святароў і так не хапае на ўсе беларускія парафіі.

З гэтых прычынаў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі «з просьбай разгледзець пытанне аб прадстаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы студэнтам-семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту».

Помста ад камуністаў ва ўладзе?

У апошнія гады галоўны іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч неаднаразова ўступаў у завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі.

Ксёндз Кшыштаф Пасвята, якога выслалі з Беларусі ў канцы красавіка. Фота catholic.by

 

Месяц таму ён раскрытыкаваў чыноўнікаў за дыскрымінацыю замежных святароў, якія працуюць у Беларусі.

Таксама ён крытычна рэзка выказваўся адносна Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі, якая дагэтуль адзначаецца ў Беларусі як дзяржаўнае свята. На Дзень Волі 25 сакавіка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі адзначыць 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі малітвамі за Беларусь, а сам у гэты дзень выступаў з прамовамі ў гонар БНР.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас вячэрняя Імшы на Дзень Усіх Святых у Менскай катэдры. Фота catholic.by.

Напэўна, з пачатку 1990-х гадоў каталіцкія іерархі так яўна і яскрава не выказвалі сваёй прыхільнасці беларускай нацыянальнай ідэі.

Таксама 25 сакавіка прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату выступілі на канцэрце ў гонар Дня Волі каля Опернага тэатру. Прычым асабліва ярка выступіў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

Айцец Сяргей Лепін. Фота – sobor.by

Пасля гэтага праваслаўны святар стаў цэллю прапагандысцкай кампаніі з боку камуністычных і прарасейскіх арганізацыяў, якія адкрыта заклікаюць да яго звальнення.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў