Сем сюжэтаў для «Левіяфана» – родам з Беларусі


«Левіяфан» выйшаў у шырокі пракат. Яшчэ да з’яўлення стужкі ў кінатэатрах ён выклікаў моцную дыскусію не толькі ў самой Расеі. На думку некаторых аўтараў, беларусам трэба глядзець фільм і ганарыцца сваёй краінай, бо нашыя рэаліі далёкія ад расейскіх.

Магчыма, у Расеі і сапраўды больш трагічных гісторыяў, сімбіёз улады, праваахоўных органаў і царквы там дасягнуў жахлівых памераў, але мне шмат якія сцэны фільму падаліся знаёмымі. Запытайце любога чалавека, які займаўся ў Беларусі палітычнай дзейнасцю і момант, калі ў герояў стужкі не прымаюць заяву ў судзе, міліцыі, выканкаме і пракуратуры ажыве ў словах вашага суразмоўцы. Гісторыя кожнага беларускага палітвязня, лёсы зніклых палітыкаў – гэта сюжэт для нашага «Левіяфану».

А калі прыглядзецца, то такіх сюжэтаў безліч. Вось сем гісторыяў, якія дэманструюць, што ганарыцца нам пакуль няма чым. Піша грамадскі дзеяч Іван Шыла.

Пераслед лекара ў Касцюковічах

Пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі пра гісторыю лекара Леаніда Шылько ведае ўся краіна. Галоўны лекар Касцюковіцкай раённай больніцы адмовіўся прыкрыць мясцовых кадэбістаў, якія ўчынілі ДТЗ у п’яным стане. Яму абвесцілі вайну, і як у «Левіяфане», просты і сумленны чалавек, які пайшоў супраць сістэмы, апынуўся за кратамі. Ён атрымаў шэсць год турмы з канфіскацыяй маёмасці. Шкода, нібыта нанесеная дзяржаве, склала Br 56 млн. І шэсць год турмы для чалавека, які перанёс два інфаркты і інсульт падчас следства. Пераследавалі ўсю сям’ю, нават маці, якой 84 гады. Пачытайце адкрыты ліст жонкі Леаніда Шылько, там ёсць усё: і следчыя, якія пасылаюць адвакатаў, і затрыманне сына і 60-ці гадовы арыштаваны, прыкаваны кайданкамі да батарэі.

Змаганне з былым саслужыўцам у Салігорску

Былога падпалкоўніка міліцыі арыштавалі ў раёне цэнтральнай плошчы калі там сабралася моладзь для ўдзелу ў акцыях «маўклівага пратэсту». Былыя калегі далі паказанні, суддзя пакараў штрафам. Віктар Малочка месяцамі дамагаўся праўды ў розных інстанцыях. Георгій Крывальцэвіч, намеснік начальніка міліцыі, працягваў разбірацца з «іншадумствам у горадзе». Суды, арышты, ператрусы, ілжывыя сведчанні на судах. А пасля аказалася, што галоўны ахоўнік правапарадку рэгулярна арганізуе незаконныя паляванні ў мясцовых лясах. Затрымалі, дайшло да міністра. Малочка прайграў усе суды, Крывальцэвіча праз год аднавілі ў званні «падпалкоўнік», і ён працягвае сваю справу, міліцыя не грэбуе запужваць затрыманага групавым згвалтаваннем. У гэтай гісторыі няма загінулых, але тут ёсць усё: і стасункі з афіцэрамі-калегамі, і магчымасць пазбегнуць пакарання, ілжывыя суды і сутнасць зацятых змагароў з іншадумствам. Незаконнае паляванне, дарэчы, вельмі часта трапляе ў навіны.

Самазабойства Яны Паляковай

У 2009 годзе гэта гісторыя скалыхнула краіну. Маладая праваабаронца з Салігорску павесілася на наступны дзень пасля прысуду. Палякову вінавацілі ў «паклёпе» на супрацоўніка міліцыі. Яна даводзіла, што ў пастарунку пры затрыманні яе збілі.

Пасля былі новыя затрыманні, у судзе на яе нападалі неадэкватныя суседзі з нажом. Суддзя Бураўцоў паверыў, аднак, паказанням праваахоўнікаў і адмераў Паляковай два з паловай гады «хіміі». За праваабаронцу ўзялася і прэса, нават не мясцовага ўзроўню – у «самай масавай газеце краіны» выйшаў ананімны пасквіль. Яна павесілася. На судзе сказала, што не «будзе зэчкай».

Пазоў да «Савецкай Беларусі» быў адхілены, міліцыянт спакойна выйшаў на пенсію, крымінальную справу за «давядзенне да самагубства» не распачалі. Толькі царква, насуперак правілам, пагадзілася адпець памерлую.

Як адбіраюць бізнес

У Беларусі практычна няма арганізаванай злачыннасці, але мы маем арганізаваную дзяржаву, якая часамі можа замяць рэкеціраў з 90-х. Толькі з дэпутатамі мясцовых саветаў, дзяржкантролем, пасведчаннямі ды пратаколамі. Гісторыя пра тое, як УП «Военохот» пазбавілі магчымасці займацца ўласнаю справай, класічная. Паспяховы паляўнічы бізнес раптам не праходзіць праверку, дэпутаты насуперак закону і без тлумачэнняў не працягваюць умову аб арэндзе зямлі. Нават генеральная пракуратура стала на бок бізнесоўцаў, але мясцовая ўлада ўжо рыхтуецца прадаваць зямлю праз аукцыёны. Цікава, што піша пра гэтую гісторыю традыцыйна апалітычны Onliner.by, рэсурс, які сам нядаўна апынуўся пад пагрозаю знікнення і нейкі час быў пазбаўлены адрасу ў беларускай даменнай зоне. Упэўненасці ў беларускага бізнесу ў заўтрашнім дні няма. Не важна, займаешся ты паляваннем альбо пішаш пра ўсё на свеце, апроч палітыкі.

Мікалай Аўтуховіч і барацьба за справядлівасць

Былы «афганец» у 90-х стаў адным з самых паспяховых бізнесоўцаў у Ваўкавыску, заснаваў фірму таксовак. Але прага да справядлівасці прывяла Аўтуховіча да канфрантацыі з мясцовымі ўладамі. Бізнесовец не жадаў мірыцца з карупцыяй. Змагацца з сістэмай аднаму цяжка па ўсім свеце, а ў нашых шыротах гэта амаль заўсёды заканчваецца турмой. У 2006 годзе Мікалай атрымаў 3,5 гады калоніі з канфіскацыяй маёмасці. У турме ён нейкі час трымаў галадоўку.

Праз два гады Аўтуховіч выйшаў на свабоду. Але спакойнае жыццё не пачалося. Тыя ж самыя мясцовыя чыноўнікі, якія толькі атрымалі падвышэнне, высунулі новае абвінавачванне: Аўтуховіча спачатку падазравалі ў тэрарызме, але даказалі толькі захоўванне пяці патронаў. Следства падазравала прадпрымальніка ў жаданні адпомсціць уладам. У выніку яшчэ пяць год, часта з якіх у «закрытай» гарадзенскай турме.

Забудова ў Смалявічах

Тут вораг не проста дзяржава, а дзяржава з кітайскім бізнесам, што ўдвая страшней. Гісторыя простая і сумная, як для кіно без хэпі-энду. На дапамогу жыхарам Смалявічаў, маёмасць і жыццёвыя перспектывы аказаліся пад пагрозай у сувязі з навалай кітайскай эканамічнай машыны і глабалізацыяй, вядома, прыходзяць супергероі са сталіцы. Гэта Міша Пашкевіч і Андрэй Дзмітрыеў. Яны арганізуюць сходы, збіраюць подпісы і ходзяць па кабінетах чыноўнікаў. У выніку іх арыштоўваюць, барацьба плёну не дае, жыхары самі на сходы не сходзяцца, а Пашкевіч кідае змаганне і з’язджае ў Чэхію на вучобу. У свае 27, на першы курс. Вось гэта беларуская безвыходнасць.

Народ і міліцыя

Дакладна не ведаю, якую гісторыю тут варта апісваць. Смерці ў СІЗА, шпіталь пасля размовы ў міліцыі ці выбіванне прызнанняў. Наша міліцыя не любіць наш народ, часта прыніжае і збівае яго.Тут «Левіяфанаў» тысячы. І які б ні быў фільм, для яго ёсць ужо напісаны дыялог. Міліцыянт угаворвае чалавека сесці ў турму. Там боль усёй нашай праваахоўнай сістэмы.

Іван Шыла, для belsat.eu

Стужка навінаў