«Секс мне не патрэбен» – п’еса драматурга-самародка Лёхі Чыканаса вяртаецца ў Менск


Этнограф-фалькларыст, які вывучае лірыку ўскраін і завуголляў. Адзін з вядомых прадстаўнікоў альтэрнатыўнага тэатру ў Беларусі – Лёха Чыканас, які марыць зрабіцца беларускім Шэкспірам, распавядае Belsat.eu пра тое, як змагацца са страхам і табу ў нашым грамадстве.

«Случай з пацаном» прынёс першую славу

14976198_10209848981454329_454193536_o

Як прыйшло натхненне займацца творчасцю, або што было стартам?

Спачатку вершыкі, потым песенькі, а потым журналістыка, ды пайшоў, пакаціўся… Драматургічныя тэксты я пачаў пісаць даволі выпадкова. У 2000 годзе я працаваў у культавай газеце «Навінкі». Зʼявілася ідэя зрабіць фільм пра жыццё шараговага менскага гопніка. Калегі кідалі ідэі, а я запісваў, таму што быў самы ўседлівы. Так нарадзіўся сцэнар да фільма «Случай з пацаном», які потым знялі рэжысёр Сяргей Лабан і аператар Зміцер Модзель. Фільм меў лакальны поспех у Беларусі, прымаў удзел у некалькіх фестывалях у Расеі, Дэбют кінатаўра, напрыклад.

Калі ты адчуў, што да цябе прыйшло прызнанне?

Вось пасля фільма адразу і адчуў, я ж таксама здымаўся ў эпізодзе, нават песню сваю выконваў. Ну, дык вось, еду сабе ў метро, нікога не чапаю. Бачу, нейкі дзядзька пʼяны на мяне глядзіць з цікавасцю. Потым падыходзіць і пытаецца: «Прабачце, вы здымаліся ў ГЭТЫМ фільме?» Так спытаў, нібы я ў порна нейкім здымаўся. Мне смешна стала, кажу: «У якім фільме?» Ён засмуціўся «прабачце, прабачце» і адышоў. Можа сапраўды з кім пераблытаў? Вось да цяперашняга часу так і ня ведаю – ці то прызнанне было, ці не?

«У будучым колькасць афіцыйных тэатраў будзе памяншацца…»

img_7847

Цяпер альтэрнатыўны тэатр пачаў станавіцца вельмі папулярным. Як ты думаеш, ці дасягне альтэрнатыўны тэатр у недалёкім будучым узроўню прафесійнага тэатру?

Што адрознівае афіцыйны тэатр ад неафіцыйнага? Легальная магчымасць прадаваць білеты і збіраць вялікую колькасць людзей у зале. Рабі свае спектаклі ўдома перад камерай, выкладай у Інтэрнэт, канвертуй лайкі ў грошы – вось табе і тэатр. Ну, а калі ты робіш нецікава, тут ужо, прабач, ніякія школьнікі прымусова табе аншлаг лайкаў не зробяць. Гэта ўсё жартачкі. А калі сурʼёзна, зараз зацікаўленыя людзі маюць магчымасць атрымаць любую інфармацыю, што датычыць тэатру, з сеціва. Паглядзець амаль любы спектакль. Для рэпетыцый ня трэба спецыяльных памяшканняў, уключыў скайп – і наперад. Нават рэжысёр непатрэбны. Вы ведаеце рэжысёраў ролікаў на ютубе, га? Мне здаецца, што ў будучым колькасць афіцыйных тэатраў будзе памяншацца, а колькасць невялікіх тэатральных згуртаванняў узрасце.

Вынікае, што цалкам верагодна асобнае развіццё гэтых двух кірункаў тэатраў?

Гэтыя дзве плыні мо нават і перасякацца не будуць. Кожнай касце будзе добра ў сваім асяроддзі. Прыгадайце, калі дзяржаўныя беларускія тэатры рабілі нешта актуальнае? Нешта пра сённяшні дзень? Ды там спектаклі больш за год ствараюць. Мо яно потым і прафесійна атрымаецца, але будзе ўжо нецікава, учорашні дзень.

Я калісьці размаўляў з даволі вядомым нямецкім драматургам і спытаў, колькі ў сярэднім ідуць яго пʼесы пасля прамʼеры. Ведаеце колькі? Тры – чатыры разы.

А потым паказваюць новую пʼесу. Канвеер у добрым сэнсе гэтага слова. Вось аматарскія калектывы маюць усе магчымасці працаваць такім чынам. Абрыдла «Пінская шляхта» – вось табе 3-4 сучасных пʼесы, створаныя згуртаваннямі сяброў, абірай.

«Мы ў большай ступені падуладныя страхам і табу» – пра актуальнасць сваіх п’ес для беларусаў

img_7732

У цябе была яшчэ п’еса «Крым-Дрым-Дым». З назвы зразумела, што яна пра падзеі, звязаныя з «крымскім канфліктам». Чаму цябе закранула гэтая тэма?

Я нарадзіўся ў Крыму, мая маці адтуль. Таму, калі Расея акупавала паўвостраў, для мяне гэта была асабістая трагедыя. Нібы аднялі любімы куток свабоды і зрабілі з яго вайсковую базу. Пʼеса ня толькі пра Крым. Яна нават зусім не пра Крым. Пʼеса пра тое, як людзі дазваляюць прапагандзе рабіць з сябе дурняў, пра тое, што ў нашым грамадстве існуе раскол і ён увесь час павялічваецца, пра тое, што мы баімся вайны, і, у той жа час, употай яе прагнем. Дарэчы, пʼесу можна пачытаць, яна ёсць у сеціве.

П’еса «Секс мне не патрэбен» ужо стала знакамітай, нават патрапіла ў шорт-ліст фестываля маладой драматургіі «Любімаўка 2016». Як нарадзілася ідэя напісаць такую п’есу і што ты ўкладаў у яе сэнс?

Пʼеса пачалася з майго асабістага няўдалага кахання, ці лепей сказаць, шэрагу няўдалых каханняў. Пачаў разважаць, што са мной ня тое? Прыйшоў да высновы, што я закладнік нейкіх шаблонаў і канструктаў, якія кіруюць маймі ўчынкамі, а любові і свабоды няма.

А потым мне трапіўся на вочы артыкул пра амерыканскую прафесарку, якая закахалася ў свайго падапечнага, хворага на ДЦП, які не размаўляў, і наўрад ці наагул разумеў, што адбываецца навокал. Родныя хворага мужчыны былі супраць іх сувязі, у выніку прафесарка трапіла за краты. Карацей, гісторыя сённяшніх Рамэо і Джульеты.

І вось, калі я зразумеў, што гэтая прафесарка значна больш адважная за мяне ў сваіх пачуццях і гатовая змагацца з грамадствам за сваё каханне, тады я сеў за камп’ютар і пачаў пісаць пʼесу.

На твой погляд наколькі актуальныя пытанні, якія ты падымаеш у сваёй п’есе для беларускага сучаснага грамадства?

Мне здаецца, што шчырасць пачуццяў – актуальнае пытанне ва ўсе часы і ва ўсім свеце. Адметнасць беларусаў толькі ў тым, што мы ў большай ступені падуладныя страхам і табу, да якіх прывучыла нас дзяржава, больш хаваем свае пачуцці і думкі. Хочацца спадзявацца, што калі-небудзь мы будзем шчырымі.

Пра песні, адукацыю ды планы на будучыню

img_7654

Часцяком ты выступаеш са сваймі песнямі, якія маюць сатырычны характар, такім чынам хочаш падкалоць парокі, якія ёсць у нашым грамадстве?

Якія падколкі? Я сам ёсць дзіцё пароку. Рэстаран Бабруйск – гэта наагул імправізацыя на тэму знакамітага амерыканскага блюза «Wang-Dang-Doodle». Я не сатырык, ні ў якім разе. Хутчэй этнограф-фалькларыст. Вывучаю лірыку ўскраін і завуголляў.

Аляксей, хто ты па адукацыі і ці працуеш па спецыяльнасці?

У мяне юрыдычная адукацыя. Я паступаў у ВНУ ў 1994 годзе, але падчас навучання паступова зразумеў, што ў нашай краіне працуе не логіка, а містыка: замест законаў дзейнічаюць вышэйшыя сілы адміністратыўнай улады, якія знаходзяцца па-за межамі нашага разумення. Таму пасля заканчэння ВНУ я ніколі не працаваў юрыстам. Я не прыхільнік містыкі і не антычны герой, каб змагацца з адміністратыўнымі багамі і паўбагамі.

Якія ўвогуле планы на будучыню?

Зрабіцца беларускім Шэкспірам.

Чытанні п’есы «Секс мне не патрэбен» Лёхі Чыканаса адбыліся ўжо ў Берлiне, Берасці, Бабруйску, Маскве, двойчы ў Менску. Не так даўно ў Горадні Лёха Чыканас сабраў аншлаг на чытаннях гэтай п’есы. П’есу «Секс мне не патрэбен» чарговы раз прадставяць у Менску 29 лістапада а 10:30 у Ліцэі БДУ (вул. Ульянаўская, 8).

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары