Сціплыя беларусы: сярод чаканых падарункаў на святы – пацалункі ды адсутнасць выходных


Свята да нас прыходзіць, спявае Дзед Мароз, ён жа Санта-Клаус, ён жа Ёўлупукі, шмаруючы боты гуталінам і паліруючы рогі аленяў. Зюзя падрыхтаваўся да кароткага спрынту: неўзабаве ён адорыць усіх прагных прыладамі для хуткаснага наразання аліўе, паравою швабраю ды карэктавальным бюстгальтарам. Калі, вядома, у саміх прагных хопіць на гэта фантазіі ды рэсурсаў гаманца.

Патэльні ды бужаніна – плод забароненага кахання

Чэргі ў крамах растуць у геаметрычнай прагрэсіі. Адныя чаргуюць за каўбасою са зніжкай у Беластоку і Вільні. Іншыя скрабуць па засеках на радзіме.

Сёлета статыстыкі аб падарунках яшчэ не было. У галоўных крамах краіны адказаць на пытанне, што найчасцей набываюць беларусы ў перадсвяточны бум, таксама адмаўляюцца. Маўляў, апытанняў не рабілі, не ведаем, пакупаюць, і добра.

У краінах Балтыі ды Польшчы адпаведнае параўнанне правялі. З даследавання вынікае, што найбольшаю папулярнасцю ў заходніх суседак карыстаецца актыўны адпачынак: паездка на гонкавым аўтамабілі, палёт на параплане, паход у аквапарк, вандроўкі ў цёплыя краіны.

Цалкам магчыма, што адсутнасць снегу і ялінак вабіць беларусаў, і яны таксама даўно мараць пра Тайланд і Камбоджу. Толькі, як кажуць, хочацца, але не можацца.

Хаця дармаўшчыны ніхто не адмяняў: цяпер магчыма паляцець у тую ж Індыю за паўцаны. У гарадзенскай турфірме «Пятніца», якая рэалізоўвае пуцёўкі праз маскоўскага аператара, запэўніваюць, што гэта звычайная практыка, з абвалам расейскага рубля сітуацыя не звязаная.

«З першай паловы снежня да сярэдзіны студзеня – кошты аднолькавыя з года ў год. Гэта не звязанае з тым, што расейскі рубель упаў. Бок, які прымае гасцей, усё адно бярэ долары. Выходзіць недзе 800 долараў на дваіх з пералётам і жытлом».

Беларусу шмат не трэба

Што да матэрыяльных дабротаў, звычайна найбольшы прыбытак маюць прадаўцы цацак і электроннай тэхнікі. Але меркантыльным беларуса сёлета не назавеш. Рэчаіснасць давіць на каўнер, сярод запаветных жаданняў – усё радзей кватэра і аўтамабіль, усё часцей – здароўе, пацалункі ды каб у адпачынак за свой кошт не адпраўлялі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў