СБУ паведамляе пра вызваленне з палону амаль 3 тысяч украінцаў


Да цяперашняга часу вызваленыя амаль тры тысячы ўкраінцаў, якіх раней трымалі ў самаабвешчаных рэспубліках ДНР і ЛНР на ўсходзе Украіны, паведаміў дарадца кіраўніка Службы бяспекі Украіны Юрый Тандыт.

«На сённяшні дзень вызвалена 2 998 чалавек, – паведаміў Тандыт у пятніцу вечарам у эфіры ўкраінскага «5 каналу».

Па словах дарадцы кіраўніка спецслужбы, прэзідэнт Украіны «ўздымае пытанне вызвалення закладнікаў на самым высокім узроўні».

«Пра Надзею Саўчанку кажуць практычна ўсе лідары дзяржаў, не толькі мы. Яна ў нас у спісе, мы гатовыя на любыя канфігурацыі вызвалення. Мы зацікаўленыя забраць усіх, якія там застаюцца, і мы гэта зробім», – сказаў Юрый Тандыт, дадаўшы, што Украіна «зробіць усё», каб вызваліць Надзею Саўчанку.

Старшы лейтэнант Надзея Саўчанка служыла штурманам-аператарам верталёта Мі-24 у ваеннай авіяцыі Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны. Летам 2014 года, як сцвярджае сама Саўчанка і яе абарона, яе выкралі апалчэнцы на Данбасе і перавезлі ў Расею, дзе яе абвінавацілі ў дачыненні да гібелі расейскіх журналістаў.

Саўчанцы пагражае максімальны тэрмін – 25 гадоў зняволення. У той жа час, паводле звестак абароны, Саўчанка не магла мець дачынення да гібелі журналістаў, таму што яе выкралі яшчэ да іх смерці. У 2015 годзе Надзеі Саўчанцы прысвоілі званне Героя Украіны.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў