«Советская Белоруссия»: Па справе «Белага легіёну» распачалі новую крымінальную справу


Супраць фігурантаў справы «Белага Легіёну» высунулі новае абвінавачанне. Прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын пацвердзіў гэтую інфармацыю.

У газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў вялікі артыкул, прысвечаны «Беламу легіёну». У ім гаворыцца, што па справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзяць 35 асобаў, супраць 20 з іх высунулі абвінавачванне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (арт. 287 Крымінальнага кодэксу – пагражае да 5 гадоў абмежавання волі альбо пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў).

«Справа паводле дадзенага артыкулу распачынаецца ўпершыню ў суверэннай гісторыі Беларусі. Следства ўсталёўвае факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з выразнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, абʼяднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем», – адзначаецца ў газетным матэрыяле.

У публікацыі сцвярджаецца, што заява пра самароспуск і спыненне дзейнасці «Белага легіёну» рабілася «толькі для прыкрыцця, толькі як спроба перахітрыць спецслужбы».

Украінскі след?

У тэксце некалькі разоў згадваецца факт, што сябры «Белага легіёну» выязджалі некалькі разоў ва Украіну – «па досвед»:

«Экскурсіямі ўдзел «легіянераў» у трагічных украінскіх падзеях не абмежаваўся. У следства, як нам распавялі, ёсць дадзеныя, якія кажуць пра прысутнасць некаторых абвінавачаных у зоне вядзення баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны. У справе, напрыклад, прысутнічае фота шаўрона з сімволікай «Белага легіёна» ад мундзіра, знойдзенага ў данбаскай вёсцы, што некалькі разоў пераходзіла пад кантроль то ўкраінскіх войскаў, то падраздзяленняў ДНРЛНР».

Міраслаў Лазоўскі ў «Размове дня»

Фактаў удзелу «легіянераў» у вайне на тэрыторыі Данбасу няма, прызнае дзяржаўная газета, дадаючы пры гэтым:

«Ездзілі, «глядзелі», вярталіся. Выхвальныя відэа для «Youtube» не здымалі. Не тыя задачы. Хутчэй за ўсё, назапашвалі досвед. Яго збіралі, сістэмазавалі, везлі ў Беларусь.

Дасталася і «рэгнумаўцам»

Артыкул «СБ. Беларусь сегодня» адметны і крытыкай у бок «рэгнума», як і крытыкай «вайскова-патрыятычных» летнікаў для беларускіх дзяцей, якія ладзяць прарасейскія казакі.

«Усе, хто ціха і падступна падточвае незалежнасць, не змогуць доўга заставацца ў цені. Першы ўдар быў нанесены па «літаратурных агентах» «Регнум», якія спрабавалі інтэлектуальна раззброіць беларусаў, выклікаць негатыўнае стаўленне да нас з боку пэўных расейскіх палітычных колаў, і якія замаскіравана заклікалі да інтэрвенцыі. Нагадаем, што яны арыштаваныя, ідзе праца па выкрыцці іх дзеянняў і задум», – адзначаецца ў артыкуле.

Таксама ў тэксце гаворыцца, што сябры «Белага легіёну», якія знаходзяцца за кратамі, моцна трымаюцца, некаторыя з іх маўчаць. Падаюцца фрагменты са сведчанняў затрыманых.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Паводле sb.by

Глядзі таксама
Каментары