Савет Еўропы: у Крымінальны кодэкс Беларусі аб хабарніцтве неабходна ўвесці новыя паняцці


Антыкарупцыйны орган Савета Еўропы ГРЭКА (Група дзяржаў супраць карупцыі) лічыць, што ў артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі аб хабарніцтве неабходна ўключыць паняцці «прапановы», «абяцанні», «просьбы» і «прыняцця прапановы або абяцанні», а таксама ўлічыць выпадкі, калі хабар перадаецца не самой службовай асобе, а трэцяму боку.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных рэзюмэ дакладаў па Беларусі аб крыміналізацыі карупцыі і празрыстасці фінансавання палітычных партый.

Самі даклады па стане карупцыі ў Беларусі апублікаваць ГРЭКА не можа – паводле дамовы на гэта павінна даць «дабро» краіна, пра якую ідзе гаворка. Але Беларусь застаецца адзінай дзяржавай-чальцом ГРЭКА з 49, якая не дазволіла публікацыю якіх-кольвек дакладаў пра сябе. Беларускія ўлады тлумачаць гэта тым, што юрыдычных абавязацельстваў па публікацыі справаздач у ГРЭКА няма.

«Такі падыход супярэчыць зацверджанай практыцы ГРЭКА забяспечваць максімальную празрыстасць», – адзначаюць у антыкарупцыйнай органе Савета Еўропы.

У рэзюмэ апублікаваных дакладаў сказана, што ратыфікацыя Беларуссю Канвенцыі Савета Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю не прывяла да належнага перагляду Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Напрыклад, на думку ГРЭКА, палажэнні аб хабарніцтве павінны быць пашыраныя: у артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі аб хабарніцтве неабходна ўключыць паняцці «прапановы», «абяцанні», «просьбы» і «прыняцця прапановы або абяцанні», таксама неабходна ўлічваць выпадкі, калі хабар перадаецца не самой службовай асобе, а трэцяму боку, і адмяніць падвойную крымінальную адказнасць за звязаныя з хабарніцтвам злачынствы, учыненыя за мяжой.

У пытанні празрыстасці фінансавання партый ГРЭКА адзначае, што, нягледзячы на ​​тое, што ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый з рознай ідэалогіяй, яны адыгрываюць нязначную ролю ў палітычных і выбарчых працэсах у краіне. У дакладзе таксама адзначаецца, што сёння палітычныя партыі ў Беларусі не прадстаўлены ва ўрадзе і толькі мінімальна – у парламенце і органах мясцовага самакіравання.

Акрамя двух дакладаў, у Савеце Еўропы прадставілі і справаздачу аб выкананні Беларуссю папярэдніх рэкамендацый, звязаных з юрыдычнымі асновамі і практыкай папярэджання карупцыі і барацьбы з ёй.

Рэкамендацыі Беларусі ГРЭКА апублікаваў у 2012 годзе. У іх ішла гаворка аб нацыянальных антыкарупцыйных органах, іх магчымасцях і імунітэтах, а таксама аб юрыдычных сродках па папярэджанні карупцыі і барацьбе з ёй.

Але, як адзначаюць у Савеце Еўропы, з 2014 года якога-небудзь прыкметнага прагрэсу ў Беларусі дасягнута не было. У рэзюмэ за 2015 год адзначалася, што краіна часткова выканала толькі 1 з 20 рэкамендацый па барацьбе з карупцыяй, увёўшы адміністрацыйную адказнасць юрыдычных асоб за адмыванне грошай.

«Некаторыя змены, такія як прыняцце новай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, варта вітаць, аднак яны недастатковыя для таго, каб забяспечыць належны ўзровень выканання рэкамендацый, які застаецца у цэлым нездавальняючым» – гаворыцца ў дакладзе.

У сваім дакладзе ГРЭКА прапануе Генеральнаму сакратару Савета Еўропы накіраваць ліст міністру замежных спраў Беларусі для таго, каб прыцягнуць яго ўвагу да невыканання дадзеных рэкамендацый і да неабходнасці прыняцця рашучых дзеянняў дзеля дасягнення адчувальнага прагрэсу.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў