Саўладальніка сеткі крамаў морапрадуктаў вызвалілі пасля кампенсацыі шкоды


Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова, дырэктар сеткі магазінаў морапрадуктаў (паводле СМІ, гаворка ідзе пра ТАА «Джон Доры») прызнаў сваю віну і цалкам кампенсаваў шкоду.

«Дырэктар кампаніі па гандлі морапрадуктамі, затрыманы па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, даў паказанні следчым пра акалічнасцях справы, прызнаў факт здзяйснення злачынства, спрыяў вяртанню прычыненага ўрону. На сённяшні дзень шкода пагашаная ў поўным аб’ёме. Беручы пад увагу ўсе гэтыя абставіны прынята рашэнне аб вызваленні яго з-пад варты і ўжыванні меры працэсуальнага прымусу ў выглядзе абавязку аб яўцы. УСК па Менску працягвае расследаванне крымінальнай справы», – паведаміла Ганчарова ў Фэйсбуку.

Пра затрыманне бізнесоўца стала вядома ўчора. Паводле следства, падазраваны рэалізоўваў прадукцыю за наяўны разлік у крамы і сталічныя рэстараны, а пасля выручаныя сродкі не адлюстроўваліся ў бухгалтарскім уліку. Такім чынам кіраўнік таварыства ў перыяд са студзеня 2015 года па ліпень 2017 года наўмысна заніжаў падатковую базу, у выніку чаго ўхіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за 245 000 рублёў.

 

СК не паведамляе назву сеткі крамаў, аднак, паводле TUT.by, гаворка ідзе пра ТАА «Джон Доры». Кампанія спецыялізуецца на пастаўках рыбы і морапрадуктаў, у тым ліку аптовых. У яе працуе шэсць рознічных кропак у Менску, у буйных гандлёвых цэнтрах, у тым ліку чатыры ў гіпермаркетах Green. Адна крама працуе ў Берасце, у пачатку лютага адкрываецца крама ў Віцебску.

ІІ, belsat.eu. Фота – virtualbrest.by

Стужка навінаў