Саудаўскім жанчынам цяпер дадуць копіі шлюбных дамоваў, каб «забяспечыць іхныя правы»


Правы жанчын Саудаўскай Аравіі пашыраюцца.

Цяпер ім будуць прадастаўляць копіі іхных шлюбных дамоваў – раней права на гэта ў ультра-кансерватыўным каралеўстве мелі толькі мужчыны.

Згодна з рашэннем міністра юстыцыі Саудаўскай Аравіі Валіда аль-Самаані, духоўныя асобы, якія рэгіструюць шлюб, цяпер мусяць прадастаўляць копію шлюбнай дамовы таксама і нявесце – каб забяспечыць яе дасведчанасць пра свае правы і ўмовы дамовы.

Рашэнне накіраванае на «абарону правоў жанчыны і палягчэнне працэдураў для яе», гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Таксама міністэрства паведамляе, што рашэнне абумоўленае і тым фактам, што жанчыне будзе патрэбная копія шлюбнай дамовы ў выпадку спрэчкі з мужам у судзе.

У Саудаўскай Аравіі, дзе ўжываецца строгая інтэрпрэтацыя ісламу, жанчыны могуць выйсці замуж толькі пасля дазволу мужчыны-апекуна.

Таксама саудаўскім жанчынам патрэбны спецыяльны дазвол на тое, каб падарожнічаць і працаваць, ім не дазваляецца кіраваць аўтам, а ў грамадскіх месцах яны могуць з’яўляцца толькі схаванымі з галавы да ног.

НМ, belsat.eu, паводле AFP

Стужка навінаў