Саўчанка зняла свой партрэт з трыбуны Вярхоўнай Рады Украіны і назвала журналістаў «шакаламі»


Падчас свайго першага парламенцкага выступу ўкраінская лётчыца і народная дэпутатка ад партыі «Батьківщина» заявіла, што не дазволіць дэпутатам забыцца пра тых, хто загінуў на Майдане і на Данбасе.

Zrzut ekranu 2016-05-31 o 11.15.06«Я не дам вам – тым, хто сядзіць у фатэлях Вярхоўнай Рады, забыцца пра тых дзяцей, якія клаліся па ўсёй Украіне на Майдане і працягваюць паміраць на Данбасе», – заявіла Саўчанка.

Пасля выступу яна зняла з парламенцкай трыбуны плакат са сваім партрэтам і павесіла замест яго плакат з украінцамі, якіх несправядліва асудзілі ў Расеі.

Раней Саўчанка заявіла, што ў выпадку неабходнасці гатовая стаць прэзідэнтам Украіны.

25 траўня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб памілаванні Надзеі Саўчанкі, якую асудзілі на 22 гады турэмнага зняволення. Яе абвінавачвалі ў забойстве журналістаў ВГТРК на Данбасе.

Пасля выступу ў Вярхоўнай Радзе Саўчанка назвала журналістаў «шакаламі».

«Таму што журналісты, прабачце, вы ж сабакі яшчэ тыя. Хоць кажуць, што пра журналістаў нельга казаць дрэнна. Вы ж як шакалы, вы гатовыя накінуцца, зарваўся і вы нават самі не разумееце, чаму», – сказала Саўчанка, узгадваючы сваё вяртанне ўва Украіну.

ЮВ, belsat.eu, паводле unian.ua , 112.ua

Стужка навінаў