Сацыялізм замест камунізму і аднаполыя шлюбы: Куба рыхтуецца да змены канстытуцыі


У парламенце Кубы абмяркоўваецца праект новай канстытуцыі краіны.

Абноўлены асноўны закон дазваляе грамадзянам Кубы рэалізаваць права на прыватную ўласнасць. А замест будаўніцтва «камуністычнага грамадства» у якасці мэты ў праекце канстытуцыі прапануецца «будаўніцтва сацыялізму».

Актуальная канстытуцыя была прынятая ў часы кіравання Фідэля Кастра (памёр у 2016 г.) у 1976 годзе.

Таксама праект новай канстытуцыі прадугледжвае змены ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Замест прэзідэнта ўрад узначаліць прэм’ер-міністр. Для прэзідэнта ўводзяцца абмежаванні па ўзросце і часе знаходжання на пасадзе (два разы запар). Заняць пасаду прэзідэнта Кубы ў першы раз зможа асоба не старэйшыя за 60 гадоў. Тэрмін знаходжання на пасадзе – 5 гадоў.

Раней стала вядома, што новая канстытуцыя Кубы дазволіць аднаполыя шлюбы. У праекце гаворыцца, што «шлюб – гэта добраахвотны саюз паміж двума людзьмі» без указання іх полу.

Парламенцкія кансультацыі па новым праекце канстытуцыі павінны завяршыцца 23 ліпеня. Пасля чаго ён будзе вынесены на рэферэндум.

ЮВ, belsat.eu, паводле dw.com

Стужка навінаў