Сацсеткі ўскалыхнула відэа крывавага затрымання ў менскім метро


Учора ўвечары ў інтэрнэце было апублікована відэа жорсткага затрымання хлопца на станцыі метро «Кастрычніцкая» у Менску.

У затрыманні, як бачна, прымала ўдзел 6 чалавек – міліцыянты і супрацоўнікі метрапалітэну.

Відэа пачынаецца з моманту, калі хлопец ужо ляжыць на зямлі, а побач можна пабачыць сляды крыві. Хлопец брудна лаецца і аказвае супраціў, у аднаго з міліцыянтаў разбіты нос. Але пры якіх абставінах затрымлівалі хлопца і чаму – з відэа зразумець немагчыма.

«Пачакайце, я бачыла, як вы спынялі яго на эскалатары, ён нічога не рабіў», – кажа за кадрам жанчына, якая здымае відэа інцыдэнту.

Асцярожна! Жорсткія кадры і нецэнзурная лаянка!

Працягласць відэа – 3 хвіліны 37 секунд. Увесь гэты час міліцыянты беспаспяхова стараюцца зафіксаваць хлопца. Супрацоўнікі ўжываюць задушлівы прыём, адзін з міліцыянтаў цісне затрыманаму каленам на шыю.

У міліцыі ўжо пракаментавалі інцыдэнт у менскім метро – там заявілі, што хлопец знаходзіўся ў стане наркатычнага і алкагольнага апʼянення.

«У 1.25 27 траўня малады чалавек спрабаваў увайсці на станцыю метро «Кастрычніцкая». Паводле папярэдняй інфармацыі, якую мы можам агучыць на дадзены момант, сваім неадэкватным станам ён прыцягнуў увагу супрацоўнікаў аховы метрапалітэна. У ходзе разбору ён аказаў актыўны супраціў і нанёс траўмы супрацоўніку міліцыі. У выніку – пералом касцей носу. Кроў супрацоўніка міліцыі і зафіксавана на запісы, якая трапіла ў сетку інтэрнэт», – распавёў у інтэрвʼю БелТА афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

У дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа па артыкуле КК 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Відэа затрымання актыўна абмяркоўваецца ў сацсетках – людзі абураюцца жорсткімі паводзінамі міліцыі і выказваюць спачування хлопцу.

Праваабаронцы пакуль лічыць заўчасным даваць ацэнку інцыдэнту ў менскім метро.

«Ацаніць паводзіны міліцыі можна будзе толькі тады, калі мы будзем ведаць усе абставіны, – адзначыў у каментары »Белсату« намеснік старшыні праваабарончага цэнтру«Вясна» Валянцін Стэфановіч, – Невядома ў сувязі з чым гэтага чалавека затрымлівалі. З каментара Ластоўскага вынікае, што ён быў у стане наркатычнага і алкагольнага апʼянення, зламаў нос міліцыянту. Калі гэта так, то значыць дзейнічалі супраць яго правамерна – ужывалі фізічную сілу ў сувязі з аказаннем супраціву міліцыі. Але інфармацыі пакуль мала».

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе, намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адзначае, што абставіны затрымання пакуль сапраўды невядомы, але ўжо цяпер можна казаць пра прыкметы непрафесійных паводзінаў праваахоўнікаў.

Мікалай Казлоў

«Мы ўсяго не ведаем, але можна казаць пра тое, што міліцыянты паводзілі сябе непрафесійна. Па-першае, непрапарцыйна выглядае ужыванне сілы. Навошта было шасці чалавекам скручваць яго, станавіцца каленам на шыю? У міліцыі ж ёсць кайданкі, спецсродкі – гэтага мусіла б хваціць, тым больш што хлопец на відэа не выглядае такім ужо небяспечным. Акрамя таго, калі міліцыя хвалюецца пра сваю рэпутацыю, то хтосьці з праваахоўнікам мусіў патлумачыць мінакам, той жа жанчыне, якая здымае відэа, што тут насамрэч адбываецца і чаму хлопца затрымліваюць. Тое што ніхто не спрабаваў нічога патлумачыць наводзіць на падазрэнне, што затрыманне было адвольнае», – заявіў Казлоў «Белсату».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў