Сасіскі ў школьным меню заменяць «кавалкам мяса». Рыхтуецца новы закон


Акадэмія навук распрацоўвае праект Закона «Аб дзіцячым харчаванні».

«Тэзісы закона простыя. Харчаванне ўплывае на рост, развіццё і здароўе дзяцей. Таму правільнае харчаванне з першых дзён жыцця – адна з ключавых прафілактычных мераў для захавання здароўя: нармальнага росту, развіцця, імунітэту», – тлумачыць намесніца гендырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання Навукова-практычнага цэнтру НАНБ па харчаванні Алена Маргунова.

Адзін з пунктаў новага закону – вытворчасць у Беларусі новых відаў якаснага дзіцячага харчавання.

У праекце закона таксама прадугледжанае ільготнае фінансаванне вытворчасці дзіцячай лінейкі прадуктаў.

Паводле Алены Маргуновай, у дзяцей у Беларусі ўсё часцей сустракаецца харчовая алергія. Асабліва востра яна можа праяўляцца ў дзяцей да 3-х гадоў. І таму ў краіне неабходна вырабляць спецыялізаваныя прадукты для алергікаў. Акрамя таго, закон будзе прадугледжваць зʼяўленне на паліцах серыі прадуктаў, узбагачаных мінераламі і вітамінамі, спецыялізаванай прадукцыі для цяжарных жанчын і мамаў, якія кормяць.

Са школьнага меню прыбяруць сасіскі, дададуць больш фруктаў

«Будзем імкнуцца, каб сасіскі замянілі кавалачкам мяса, прывезеным са спецыялізаванай зоны і прыгатаванай з выкананнем усіх неабходных санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Трэба адмаўляцца ад паўфабрыкатаў у дзіцячых харчаванні, дадаваць у рацыён больш фруктаў, гародніны і рыбы», – заўважае Алена Маргунова.

Прадстаўніца Акадэмія навук нагадвае і пра вялікія выдаткі, якія могуць паўстаць пры фармаванні «правільнага» дзіцячага меню. На думку Алены Маргуновай, трэба, каб бацькам не давялося «даплачваць за гэта вельмі вялікія грошы», і «дзяржава магла ім дапамагчы».

«Нашая задача – максімальнае інфармаванне насельніцтва аб культуры правільнага харчавання. Фаст-фуд, газіроўкі – гэта шкодныя прадукты для дарослага, і асабліва дзіцячага арганізма. А правілы збалансаванага харчавання павінны закладвацца з дзяцінства», – адзначае Алена Маргунова.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Глядзі таксама
Каментары