Сардэчна запрашаем! Беларусь адчыніла дзверы для замежнікаў з 80 краінаў


З 12 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў, якія прыбываюць у нацыянальны аэрапорт «Менск».

Адною з першых бязвізавых турыстаў стала грамадзянка Кітаю Лі Ен. Жанчына прыляцела ў нацыянальны аэрапорт рэйсам з Абу-Дабі. Яе сустрэлі намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Кравец і начальнік упраўлення памежнага кантролю з Дзяржаўнага памежнага камітэту Алег Ляшук. Чыноўнікі ўручылі кітаянцы букет ружаў.

Але самага першага бязвізавага турыста сустракалі без урачыстасцяў, піша tut.by. Ім стаў мужчына з Фінляндыі, які прайшоў памежны кантроль у 00:01.

У студзені Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 8 «Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў».

Указ распаўсюджваецца на 39 краінаў Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы. Новыя правілы ахопліваюць і так званых «неграмадзянаў» Латвіі і асобаў без грамадзянства Эстоніі.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу (які замяняе пашпарт), грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную мінімум 2 базавым велічыням), медычны страхавы поліс на суму не менш за 10 тыс. еўраў, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзянаў Вʼетнаму, Гаіці, Гамбіі, Гандурасу, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем зʼяўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіяквіткоў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорту Менск на працягу 5 дзён з даты ўезду.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў