Саннікаў: Удзячны Статкевічу, што пасля вызвалення ён сказаў пра Плошчу


Кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010-м годзе Андрэй Саннікаў разважае пра мінулыя і сёлетнія выбары ў Беларусі.

«Белсат»: Ці можна сказаць, што мы яшчэ не выйшлі з папярэдніх выбараў 2010-га года?

Андрэй Саннікаў: З юрыдычнага пункту гледжання, то так, мінулыя выбары не завершаныя, бо павінен быў быць другі тур. Але ж мы не выйшлі не з прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года, мы яшчэ не выйшлі з дыктатуры. І вось пра гэта трэба казаць, пра тое, якім можа быць выйсце. Мы прапаноўвалі выйсце ў 2010-м годзе. Не толькі я, а, сапраўды, гэта былі людзі. Таму што я яшчэ раз магу падкрэсліць, што на плошчы 19 снежня была ўся Беларусь, якая дэлегавала тым дзясяткам тысячаў права аспрэчыць гэтыя выбары і патрабаваць пераменаў. Таму вось пра гэта мы павінны зараз казаць: пра тое, што існаванне дыктатуры пагаршае жыццё грамадзянаў. Пра тое, што будзе яшчэ больш складана, калі гэта будзе цягнуцца.

Ці зрабілі б вы сёння крок у бок шчытоў, як 19 снежня, пра што вы пішаце ў сваёй кнізе?

Я сёння не ў Беларусі. І тады я лічыў, што я мушу зрабіць гэты крок, і пасля гэтага я апынуўся збітым, я апынуўся ў турме КДБ. А сёння так зрабіў бы, калі б я быў сапраўдным кандыдатам у прэзідэнты.

Вы падкрэсліваеце слова «сапраўдны». Маеце на ўвазе, што сённяшніе кандыдаты несапраўдныя?

А няма кандыдытаў. На маю думку, кандыдат – той, хто хацеў бы змяніць нешта ў краіне, хто хацеў бы пазбавіцца ад дыктатуры, хацеў бы прапанаваць людзям лепшае жыццё. І меў на гэта ўсе падставы – каб звярнуцца да людзей, як мы гэта рабілі ў 2010-м годзе.Так што няма кандыдатаў. Гэта нават не падтанцоўка нейкая, гэта нават не пешкі, гэта шашкі.

Не хочацца казаць агульна, бо ёсць прозвішчы і людзі, можа пройдземся канкрэтна па асобах?

Не пройдземся. Няма кандыдатаў – няма выбараў. Я не абмяркоўваю выбары, мне яны не цікавыя.

Аднак выбары будуць.

Гэта будуць не выбары. І я вельмі рады, што калі вызваліўся Мікалай Статкевіч, ён сказаў пра гэта. Вельмі рады, што з’явілася такая надзея, што апазіцыя вернецца да таго, што яна дэкларавала ў 2011-2012 гадах, калі мы, кандыдаты – маю на ўвазе я і Мікола Статкевіч – былі ў турму. Новыя выбары без Лукашэнкі! Гэта нармальная стратэгія, і гэта трэба рабіць, бо гэтую стратэгію падтрымаюць людзі.

Аднак як вы бачыце гэтыя выбары без Лукашэнкі? Гэта сёння гучыць як фантастыка.

Ён нелігітымны, трэба на гэта заўсёды рабіць акцэнт. І тое, што зараз частка апазіцыі кажа, што мы ўжо засведчылі, што выбары сфальсіфікаваныя – гэта і ёсць частка стратэгіі. Паверце мне, зараз будзе вельмі складанае становішча. І нават калі гэтае шоў адбудзецца, нават калі будзе нейкае прызнанне – гэта не палепшыць становішча ў эканоміцы. Будзе крызіс, і можа нават калапс, таму што грошы, на якія спадзяецца Лукашэнка, іх не будзе хапаць. Таму што ён не будзе рэфармаваць эканоміку, ён не здольны на гэта. Усё, што будзе адбывацца, гэта ўмацоўванне гэтага карнага апарата.

І ў гэтым выпадку адбудзецца Плошча?

Можа, адбудзецца Плошча, а, можа, яшчэ што-небудзь.

І патрэбная Беларусі Плошча?

А чаму не? Я вельмі ўдзячны Міколе Статкевічу, што ён сказаў пра Плошчу. Бо дагэтуль толькі я і мая каманда казалі, што гэта быў сапраўды вельмі прыстойны годны момант у нашай гісторыі. Гэта быў момант паўстання, як застанецца як светлы момант. А апазіцыя пачала чамусьці ганьбіць гэтую Плошчу.

Размова цалкам – у відэа вышэй.

Стужка навінаў