Санкцыйная дуэль Лябедзькі ды Караткевіч


Еўропа адмяніла санкцыі, але ці стала праз гэта лягчэй беларусам? Экс-кандыдатка на прэзідэнта Таццяна Караткевіч і лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сышліся ў слоўнай дуэлі ў студыі парталу «TUT.BY», каб расставіць усе кропкі над «і» у спрэчным пытанні.

«Што змянілася ў краіне? У судах нешта змянілася? Што, там амапаўцы не хлусяць, суддзі не прымаюць абсалютна абсурдныя рашэнні? Што, над намі не здзекуюцца, калі прысылаюць гэтыя жыроўкі ад «балды»?», – рытарычна пытае Анатоль Лябедзька, лідар АГП.

Факты, прыведзеныя лідарам АГП, не пераканалі Таццяну Караткевіч, якая падчас прэзідэнцкіх выбараў зазнала крытыку часткі апазіцыі праз лаяльнае стаўленне да бяззменнага кіраўніка краіны. Паводле адной з лідарак кампаніі «Гавары праўду!», нядаўні крок Еўразвязу насустрач афіцыйнаму Менску толькі на карысць самім беларусам, бо між іншага паскорыць развіццё Балонскага працэсу і дасць магчымасць атрымаць фінансавую дапамогу ад еўрапейскіх банкаў і МВФ.

«Ёсць новыя магчымасці. Як іх выкарыстоўвае ўлада? Ці атрымае яна новыя магчымасці – лёгка ёй будзе ці не, залежыць у тым ліку і ад нас. Як мы гэта прэзентуем», – мяркуе Таццяна Караткевіч, кампанія «Гавары праўду».

«На жаль, мы не ўплываем на гэта», – спрачаецца Анатоль Лябедзька. «А я ўпэўненая, што ўплываем», – стаіць на сваім Таццяна Караткевіч.

Падчас дыялогу Анатоль Лябедзька даводзіў, што пасля зняцця санкцыяў еўрапейскія грошы асядуць у кішэнях беларускіх чыноўнікаў, а простыя беларусы іх гэтак і не ўбачаць. Да таго ж, на думку лідара АГП, у Бруселю да сённяшняга дня няма далейшага плану дзеянняў адносна нашай краіны.

«Яны толькі агучылі – мы даем магчымасць вандраваць Аляксандру Рыгоравічу і Ярмошынай у Еўропу. Вось што адбылося. А што далей?», – даводзіць Анатоль Лябедзька.

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, пытанне санкцыяў для беларусаў – не такое важнае, хоць і дае новыя магчымасці самой Беларусі.

«На жаль, частка апазіцыі не хоча гэтага прызнаваць. Яна прывыкла да старой парадыгмы – рэжым кепскі, яго трэба прыціскаць. Але гэтае прыцісканне можа прывесці да таго, што і ўнутры краіны сітуацыя пагоршыцца, і Маскве будзе лягчэй браць Беларусь голымі рукамі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Еўразвяз зняў візавыя і эканамічныя санкцыі з Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння 15 лютага. Ужо на наступны дзень кіраўнік краіны вітаў гэтае рашэнне і падкрэсліў, што санкцыі знялі ў першую чаргу з краіны, а не з канкрэтных асобаў.

«Еўрасаюзаўцы – малайцы! Яны зразумелі, што настаў час спыніць супрацьстаянне з Беларуссю», – вітае пастанову кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У заключным слове голас Таццяны Караткевіч гучаў ва ўнісон ранейшай заяве кіраўніка краіны.

«Нам трэба зразумець і ўбачыць, як змяняецца грамадства, а не як насаліць Лукашэнку. Бо Лукашэнка прыйшоў, і я, спадзяюся, сыдзе, а мы застанемся», – падсумоўвае Таццяна Караткевіч.

З такой тэзай у выніку пагадзілася палова з тых, хто прагледзеў дуэль, – па выніках галасавання на 16 гадзіну на партале «TUT.BY» былая кандыдатка на прэзідэнта набрала 50 % галасоў з амаль як 1200 тых, хто прагаласаваў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў