Санітарныя службы зрабілі аналізы паветра вакол «Горадня-Азот»


Гродна-Азот

Перавышэння ўтрымання шкодных рэчываў не зафіксавана, паведаміў галоўны доктар Гарадзенскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалай Кендыш.

«Спецыялісты цэнтру ладзілі адмысловыя адборы паветра на ўтрыманне дыяксіду і аксіду азоту, дыяксіду і аксіду вугляроду, дыяксіду серы, аміяку і серавадароду. Дыяксід серы і серавадарод у паветры не знойдзеныя, а ўтрыманне астатніх рэчываў было ў межах, якія не перавышаюць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі».

Забор паветра правялі на мяжы санітарна-ахоўнай зоны прадпрыемства ў розных кірунках: пасёлку Берагавое, у аграгарадку Путрышкі і на вуліцы Панемуньскай у Горадні. Сёння спецыялісты цэнтру ізноў правераць паветра з улікам напрамку ветру.

Задымленне ў адным з цэхаў «Гродна-Азот» здарылася 6 чэрвеня. Пры правядзенні агнявых работ іскра патрапіла на рэчыва гідраксіламінсульфат, у выніку два рабочыя смяротна атруціліся, яшчэ чатырох шпіталізавалі. Адзін з іх дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі. Загінулыя займаліся будаўнічымі працамі ў адным з цэхаў прадпрыемства. Ім было 35 і 28 гадоў.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу за службовую нядбайнасць. Вінаватым паводле гэтага артыкулу пагражаюць да 5 гадоў пазбаўлення волі.

ДР, belsat.eu паводле Белта

Глядзі таксама
Каментары