Самы тытулаваны футбаліст Беларусі завяршыў карʼеру гульца


37-гадовы паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч усталяваў шэраг рэкордаў, якія не хутка будуць пабітыя і 13 студзеня абвесціў пра тое, што завяршае гульнявую карʼеру. За плячыма футбаліста 651 матч.

Футбольную карʼеру Дзмітрый Ліхтаровіч пачаў у 1994 годзе ў 16-гадовым узросце ў складзе «Дняпра» з Магілёва і выйграў з ім у 1998 годзе званне чэмпіёна Беларусі. У 1999 годзе апорны хаўбек перайшоў у БАТЭ і выйграў з клубам з Барысава яшчэ адзінаццаць чэмпіянатаў. Дванаццаць разоў выйграць чэмпіянат Беларусі па футболе змог толькі Ліхтаровіч.

Таксама на рахунку Ліхтаровіча пяць Суперкубкаў і тры Кубкі Беларусі, дзве сярэбраныя ўзнагароды. І шэраг неверагодных рэкордаў: 651 матч на вышэйшым узроўні, 22 сезона ў вышэйшай лізе, 471 матч у вышэйшай лізе чэмпіянатаў Беларусі, 283 перамогі ў матчах вышэйшай лігі, 14 сезонаў у БАТЭ, 427 афіцыйных матчаў за БАТЭ, 264 перамогі ў афіцыйных матчах за БАТЭ і 237 разоў быў капітанам у матчах за БАТЭ.

«Рашэнне скончыць карʼеру не было спантанным. Усё ж такі, улічваючы абʼектыўныя фактары, падобныя думкі не-не ды ўзнікалі і раней. Хоць лёгка яно не далося. Аднак, памеркаваўшы, прыйшоў да высновы: пара адкрываць новую старонку ў жыцці.Мне грэх скардзіцца на сваю футбольную біяграфію: заўсёды шанцавала і з кіраўнікамі, і з трэнерамі, і з партнёрамі» – падае развітальныя словы Ліхтаровіча афіцыйны сайт БАТЭ.

Цяпер Ліхтаровіч працягне працаваць з камандай у якасці трэнера.

З дзейных беларускіх гульцоў толькі трое могуць пабіць рэкорды Ліхтаровіча. Як і ў Дзмітрыя 651 матч вышэйшага ўзроўню на рахунку былога аднаклубніка Ліхтаровіча 34-гадовага Аляксандра Глеба, які перайшоў у турэцкі «Генчлербірлігі». 553 гульні ў вышэйшага ўзроўню ў 37-гадовага Рамана Васілюка, які ў гэтым сезоне працягне выступаць за берасцейскае «Дынама». 467 матчаў вышэйшага ўзроўню 36-га гадовага былога партнёра ЛіхтаровічаАлекснадра Юрэвіча, які цяпер выступае за салігорскі «Шахцёр».

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары