«Самы няшчасны чалавек у краіне – настаўнік». Для абароны настаўніцкіх правоў збіраюць подпісы


Кіраўніка краіны просяць пазбавіць настаўнікаў папяровай працы, падоўжыць адпачынак, а таксама спыніць бясконцую змену падручнікаў, праграмаў і «іншыя псеўдарэформы». Адпаведная петыцыя з’явілася на сайце change.org.

Кампанія па абароне правоў настаўнікаў пачалася з адкрытага ліста Яўгеніі Пастэрнак, пісьменніцы, да Міністэрства адукацыі і райвыканкамаў, у якім яна шчыра распавяла пра праблемы школьнай адукацыі. Яўгенія – маці дзвух дзяўчынак і мае працяглы досвед працы старшынёй бацькоўскага камітэту.

«Старэйшая дачка пайшла ў школу ў 2003 годзе і з той пары я назіраю, як усё развальваецца, куды сыходзяць са школы добрыя настаўнікі, як ламаюцца тыя, хто застаецца ў школах. На гэта балюча глядзець. Школа робіцца цалкам бескарысным заняткам. У нас вельмі шмат разумных і таленавітых дзяцей, і я бачу як яны квітнеюць, калі з імі працуюць па-чалавечы, першакласнікі ўсе рвуцца ў школу. І да слёз крыўдна, калі я бачу, у ва што гэтыя дзеці пераўтвараюцца ўжо да шостага класа», – распавяла belsat.eu Яўгенія Пастэрнак.

Як піша аўтарка ліста да чыноўнікаў на сваёй старонцы ў Facebook, ліст Міністэрству адукацыі прачытала за два дні каля 10 тысячаў чалавек. Петыцыю падпісалі ўжо больш за 1,5 тысячы асобаў.

«Настаўнікі цяпер вымушаныя займацца чым заўгодна, толькі не ўрокамі. Вы наагул уяўляеце сабе, у ва што ператварыўся перанос заняткаў на гадзіну? Колькі сілаў і нерваў зараз марнуюць педагогі на ўтрасанне раскладаў, колькі дзяцей боўтаецца па школах з 8-й гадзіны, бо ім няма куды дзявацца? Бацькі вам скардзяцца, а вы замест таго, каб прыслухацца да іх, вызываеце на вымову класных кіраўнікоў. На вашую думку, яны павінны апрацаваць бацькоў, каб яны не скардзіліся», – гаворыцца ў пісьме.

Сярод аўтараў петыцыі таксама – Андрэй Жвалеўскі, пісьменнік і Яўген Лівянт, рэпетытар па матэматыцы і фізіцы.

Яны лічаць, што галоўная праблема беларускай сістэмы адукацыі – бядотнае становішча школьнага настаўніка, і нізкі заробак у гэтым становішчы нават не самае страшнае.

«Кіраўніцтва ўсіх узроўняў патрабуе выканання загадаў (як правіла, зусім не звязаных з прафесійнымі абавязкамі настаўніка), бацькі вучняў часта заяўляюць неадэкватныя патрабаванні, самі вучні добра ведаюць свае правы, але ігнаруюць правы педагога», – вядзецца ў петыцыі.

Сярод прапановаў кіраўніку краіны – зменшыць колькасць папяровай працы настаўніка, спыніць бясконцыя рэформы і пазбавіць настаўнікаў становішча, у якім яны вымушаныя хлусіць.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары