Самы малады закладнік Крамля ў цяжкім стане ў расейскай турме


Павел Грыб – самы малады з 75 украінскіх палітвязняў Крамля. У суботу яму споўнілася 20 гадоў. Cвой Дзень народзінаў ён правёў у СІЗА-4 Растова-на-Доне.

– Многія з тых, хто адправіў пажаданні нашаму сыну, выказалі надзею, што наступны Дзень народзінаў ён адсвяткуе дома, – кажа Ігар Грыб, бацька хлопца. – Я адказваю, што ён павінен святкаваць дома не Дзень народзінаў, а Дзень Незалежнасьці Украіны ў гэтым годзе. Мы бачым, у якім стане сын знаходзіцца пасля 10 месяцаў у расейскіх турмах. Я не ўпэўнены, ці вытрымае ён яшчэ год.

– Наш хлопец, як той казаў, яшчэ не цалаваны. У яго ніколі не было дзяўчыны. Вось чаму, калі яму напісала такая прыгожая дзяўчына, ён адразу ж закахаўся.

Каханне на службе ФСБ

Таццяна, жыхарка Сочы, распавяла Паўлу, што яна ненавідзіць рэжым Пуціна, што ў яе вельмі складаная сітуацыя дома. Ён хацеў яе выратаваць.

– Яны планавалі прыехаць да нас і жыць разам ва Украіне. Вось, украінская патрыётка з Расеі. Яна нават пісала яму па-ўкраінску. Яны віталі адзін аднаго словамі «Слава Украіне!». Сын думаў, што сустрэў роднасную душу, – распавядае бацька.

Размова паміж Паўлам і Таццянай пра спатканне ў Гомлі. Скрыншот экрана

Дзяўчына прыехала ў Беларусь з маці. Пасля непрацяглай сустрэчы, якая цягнулася менш за гадзіну, калі Павел ужо чакаў аўтобус, невядомыя людзі зацягнулі яго ў аўта. А пасля перавезлі за 1,5 тысячы кіламетраў у СІЗА ў Краснадары. Маладыя людзі шмат абмяркоўвалі палітыку і вайну з Расеяй. Цяпер тыя размовы, якія вяліся на працягу года, разам з запісамі Паўла ў Вконтакте, выкарыстоўваюцца супраць яго ў справе. З’явіліся таксама фрагменты, у напісанні якіх хлопец не прызнаецца. На іх аснове яго абвінавачваюць у тэрарызме.

Расейскай дзяўчыне, якую ФСБ выкарыстала, да гэтай аперацыі было 17 гадоў.

– Гэта нечувана! ФСБ выкарыстала для супрацы няпоўнагадовую дзяўчынку і рамантычнае каханне падлетка, а ўсе абвінавачванні былі заснаваныя на размовах і каментарах у інтэрнэце! – абураецца бацька. – Да сённяшняга дня мы не ўпэўненыя, ці сядзела падчас той рамантычнай перапіскі з другога боку экрана тая дзяўчына ці іх агент.

Пазней Таццяна прызналася ўкраінскім журналістам, што спецслужбы прымусілі яе супрацоўнічаць, аднак да гэтага часу незразумелая ейная роля ў гэтай справе. Не вядома, ці сапраўды яна мела пачуцці да Паўла або з самага пачатку гэта была містыфікацыя.

– Спачатку сын не дапускаў думкі, што яна магла яго падмануць. Неўзабаве пасля арышту яму намаўлялі, што ёй таксама пагражае прысуд. Яго шантажавалі, каб ён прызнаў сябе вінаватым, інакш яе арыштуюць. На шчасце, мы яго пераканалі. Спачатку ён пісаў ёй лісты з турмы, у якіх запэўніваў у сваім каханні. Цяпер яму, хіба, стала зразумела, што яго падманулі. Ён вельмі перажываў. Мы змагаемся за яго, але эмацыйна ніяк не можам яго падтрымаць. Нам ані разу не дазволілі пабачыцца ці нават пагаварыць па тэлефоне.

Павел павольна памірае са згоды ўладаў

Павел на Майдане.
Фота: UADoctorsForHryb

Павел з дзяцінства пакутуе ад партальнай гіпертэнзіі. Ён патрабуе спецыялізаваную медычную дапамогу. Аднак да яго не дапусцілі нават дактароў, якіх адправілі ў Краснодар па ініцыятыве Еўрапейскага суду па правах чалавека. Больш за тое, Федэральная служба па фінансаваму маніторынгу Расеі увесну перакрыла магчымасць перадачы Паўлу грошай, за якія ён мог купляць лекі і прадукты ў турэмным буфеце.

– У Паўла была запланаваная аперацыя мінулай восенню. Але яго выкралі менш чым за месяц да яе. Мы не ведаем, у якім стане ён знаходзіцца цяпер. Яго трэба абследаваць і прызначыць новыя лекі. Магчыма, дозы, якія ён прымаў раней, цяпер яму не дапамагаюць увогуле. Затое мы ведаем, што яго збілі. А ён – хлопец, якому пастаянна пагражаюць ўнутраныя крывацёкі. Сына можа забіць адзін удар у жывот. Мы паспрабавалі паведаміць расейскаму боку, што ён можа проста памерці там. Мы спадзяваліся, што яны ўлічаць гэта, – кажа бацька. – Але сёння адвакату ўдалося сустрэцца з Паўлам у СІЗА. Аказалася, што нядаўна іншыя зняволеныя яго моцна збілі. Таму што яны даведаліся, што Паўла абвінавацілі ў тэрарызме супраць Расеі. Таксама ў яго забралі ўсе рэчы і ежу, якія раней перадаў украінскі консул. Ён застаўся толькі ў шортах і футболцы.

«У камеры ўсё яшчэ горача, дыхаць амаль немагчыма. У яго ўвесь час баліць галава. Удзень ён амаль не прымае ежы», – б’е трывогу адвакат Марына Дубровіна. – «Ён выглядае вельмі прыгнечана і стомлена».

Бацькоў прывяла ў жах інфармацыя пра галаўныя болі хлопца. Гэта і страшнае пагаршэнне стану яго скуры азначае, што цела паступова атручваецца. Печань не спраўляецца з таксінамі. У якім стане знаходзіцца украінец, можна ўбачыць на фотаздымках, зробленых некалькі месяцаў таму ў судзе. Падлетак на іх – відавочна змучаны, бледны, пакрыты высыпкай твар спрабуе схаваць у капюшоне.

– Мы заўсёды жартавалі, што нашая кухня – пункт кіравання. Мы гадавалі яго ў лабараторных умовах. Ніякіх смажаных страваў, рэжым прыёму ежы, здаровая дыета з крупы і садавіны. А цяпер у турме яму даюць нейкае смецце, – у бацькі дрыжыць голас.

Павел Грыб у зале судуКожны раз, калі ў Паўла ёсць шанец перадаць нейкія навіны, ён просіць сваіх бацькоў не сумаваць, не марнаваць грошы на дарагіх юрыстаў і не ставіць яго вызваленне вышэй сваіх справаў. Ён абвінавачвае сябе ў тым, што прынёс блізкім столькі клопатаў.

– Самае горшае – ведаць, што ён можа памерці. Мы ўсе баімся гэтага. Жонцы сняцца кашмары, але яна не хоча гаварыць пра іх. Стараецца, каб я не бачыў, як яна плача. У нас няма ілюзіяў адносна сітуацыі. Наш сын – палітычны закладнік Расеі, і мы засталіся сам-насам з нашай бядой. Мы разумеем, што Еўропа вельмі далёкая ад нашых праблем. Людзей больш цікавіць Чэмпіянат свету па футболе, чым злачынствы пуцінскага рэжыму.

– Сын у адчаі. Не спадзяецца на хуткае вызваленне. У размове з адвакатам ён падкрэсліваў, што гатовы аддаць сваё жыццё за Украіну. Ён прымірыўся з лёсам і больш не чакае цуду. Я таксама разумею небяспеку сітуацыі. Але гэта маё дзіця, і я буду змагацца за яго да канца. Павел не перажыве 11 гадоў у турме. Быць можа, не пратрымаецца нават да восені. Ён не прымае лекаў, ён не можа прытрымлівацца дыеты, яго збіваюць. Расея ведае пра яго стан, але дазваляе гэта. Чым гэта можа скончыцца – я баюся думаць.

– У расейскай турме памірае не толькі Сянцоў. Мой сын таксама.

3 ліпеня суд у Растове-на-Доне падоўжыў арышт Паўла Грыба да 20 снежня 2018 года. Год таму яго завабілі ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расеі, а пасля выкрала ФСБ. Папярэднія слуханні павінны адбыцца 9 ліпеня ў Паўночна-Каўказскім абласным судзе. Украінца абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту, хоць ён ніколі не быў у Расеі да арышту. Яму пагражае 11 гадоў турмы.

Чытайце таксама:

Моніка Андрушэўска для belsat.eu

Стужка навінаў