Самы глыбокі бункер у Беларусі: узарваны, засыпаны, але не знішчаны


Сярод лесу на ўскрайку Белавежскай пушчы два пагорачкі хаваюць пад сабой цэлы падземны горад.

Урочышча Шадзілкі – звычайнае месца ў лесе, недалёка ад вёскі Шурычы на Свіслаччыне. Зусім побач – беларуска-польская мяжа ды «сцяна» Белавежскай пушчы. Сакрэтны аб’ект, які хавае тутэйшая зямля, ніяк не пазначаны на мапах, яго каардынаты можна знайсці, бадай, на форумах даследнікаў падземных камунікацыяў (дыгераў).

Усё пачалося ў сярэдзіне 1980-ых, калі Савецкі Саюз заканчваў сваю партыю ў Халоднай вайне. Тады на тэрыторыі СССР было збудавана некалькі камандных пунктаў Аб’яднаных сілаў Варшаўскай дамовы, якія меліся супрацьстаяць НАТО ў магчымай Трэцяй сусветнай. Будаўніцтва бункераў распачалося ў Малдове, Азербайджане ды… на Гарадзеншчыне, у Беларусі.

«Жалезабетонны цмок», схаваны пад зямлёй, меўся стаць цэнтрам, адкуль кіраўніцтва Савецкага Саюзу магло даваць загады, а пры нагодзе і перачакаць ядравыя ўдары ворага. Для гэтага і будаваліся бункеры з добрым дзясяткам паверхаў уніз, зрэшты, ніводзін з іх так і не быў скончаны – Савецкі Саюз разваліўся.[/vc_column_text][vc_single_image image=”211474″ img_size=”large”][vc_column_text]

Калі бункер узрывалі – за 10 км гудзела зямля

На пад’ездах да бункеру стаіць двухпавярховы будынак з сілікатнай цэглы. Гэта былыя афіцэрскія казармы. Цяпер тут жыве фермер Андрэй, на падворку стаяць не зусім новыя іншамаркі, пад іржавым цяжкавіком спяць сабакі.

Гаспадар паказвае дарогу на бункер: «Паўкіламетра адсюль лесам, але бункер закапаны і зачынены. Часам дыгеры лазяць. Шукайце ўваходы, калі цікава…»

Нават дзіўна, як будынак разам з гаспадаркай ператрываў моцныя выбухі 5-гадовай даўніны: тады 65-ы асобны інжынерна-сапёрны батальён узрываў пуцейна-велікагрузныя краны ды вонкавыя канструкцыі комплексу. Тады нават у Шурычах, за 10 км адсюль, гудзела зямля ды дрыжэлі вокны – выбухаў было каля дзесяці.[/vc_column_text][vc_single_image image=”211478″ img_size=”large”][vc_column_text]

Адзіны шлях трапіць усярэдзіну – шукаць лаз

Прайшоўшы лесам, бачым пляцоўку памерам з два футбольныя полі, над якой падымаюцца пагорачкі, якія нечым нагадваюць валы гарадзішча. З-пад зямлі там-сям вызіраюць вентыляцыйныя хады. Побач па перыметры раскіданыя бетонныя асновы – на іх трымаўся металёвы каркас, які хаваў бункер. Каркас, як і ўсе вонкавыя знакі каманднага пункту, знік таксама год пяць таму – тоны металу былі разабраныя ды вывезеныя вайскоўцамі.

Адзіны шлях трапіць усярэдзіну – шукаць лаз, выкапаны ці то дыгерамі, ці то прадпрымальнымі нарыхтоўнікамі металу. Далей уніз вядзе калідор, затоплены вадой. Іншага шляху няма, што паробіш…[/vc_column_text][vc_single_image image=”211470″ img_size=”large”][vc_column_text]

«У 1990-ых унутры ў пакойчыках яшчэ стаялі сталы…»

«Апошні раз я там быў гадоў 20 таму, – распавядае мясцовы жыхар. – Калі вайскоўцы сышлі адсюль, на пачатку 1990-ых, шмат хто з тутэйшых паляваў на метал. Зразалі абсталяванне, нейкія механізмы. Памятаю, што тады ў пакойчыках унутры яшчэ нават стаялі сталы: бачна было, што гаспадары сышлі зусім нядаўна. Зайсці ўнутр можна было без праблем».

Цяпер ні сталоў, ні абсталявання ўнутры не засталося: суцэльнае царства бетону ды паржавелага металу на сценах, які зняць даволі праблематычна. Дзіўна нават, што на месцы засталіся масіўныя дзверы ды частка пакрыўленых лесвіцаў. Драўляныя прыступкі на некаторых ужо паспелі спарахнець.[/vc_column_text][vc_single_image image=”211482″ img_size=”large”][vc_column_text]

Усе надпісы і пазнакі ўнутры пакінутыя дыгерамі

Далей у калідоры вада заканчваецца: пры ўваходзе яна проста нацякла звонку. Усярэдзіне затопленыя толькі ніжэйшыя паверхі ды шахты. Часам на сценах трапляюцца пазнакі дыгераў – словы, знакі, даты, калі хто быў, ды стрэлкі, маўляў, куды ісці, а куды ісці не варта (у такім разе стрэлка будзе перакрэсленая).

Надзіва добра працуе вентыляцыя. Паветра хапае, а на верхніх паверхах часам можна нават пачуць самалёт або крык чалавека, які знаходзіцца звонку, на той самай паляне сярод лесу. Без добрага ліхтара тут, зразумела, рабіць няма чаго. Лепш, канешне, і запас мець, бо без святла выбрацца вонкі будзе вельмі праблематычна.

Уражваюць памеры гэтага падземнага царства. У галаву міжволі прыходзяць асацыяцыі з сюжэтамі Толкіна пра падземныя каралеўствы гномаў. Каб абысці ўвесь бункер, імаверна, патрэбныя содні, калі не болей.[/vc_column_text][vc_single_image image=”211486″ img_size=”large”][vc_column_text]

Грыбы, музей ды рэха Халоднай вайны

Вядома, што пасля распаду СССР кіраўніцтва маладой незалежнай рэспублікі ламала сабе галаву, маўляў, што рабіць з такой махінаю? Выказваліся нават фантастычныя ідэі, кшталту развядзення ўсярэдзіне грыбоў або абсталявання музею Халоднай вайны. Ні першы, ні другі варыянт не спрацаваў ды наўрад ці спрацуе бліжэйшым часам, асабліва ўлічваючы цень новага «супрацьстаяння з НАТО», што навіс над краінай.

Вяртаючыся з бункеру, выязджаем на трасу ўжо іншай дарогай. З лесу вядзе вайсковая «бетонка», якая, на дзіва, перажыла гады безгаспадарнасці. Як кажа наш праваднік, 11 км такой бетонкі знялі ў свой час, а вось куды падзеліся пліты – вялікае пытанне. Побач праплываюць пралёты муру колішняй вайсковай часткі, бетонныя пляцоўкі-«дыванікі» прывідных КПП.

За нашымі спінам застаюцца змрочныя сутарэнні «Імперыі зла» ды дзясяткі мільёнаў савецкіх рублёў, закапаных у зямлю ў наўпроставым сэнсе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў